epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Начная змена

Я грукаць не буду на працы —

Спіце спакойна, людзі...

Я раблю ўсё так асцярожна:

Спачатку збіраю воблакі,

З якіх дажджы выціскаю,—

Хай чыстымі, свежымі будуць

Дрэвы, дамы, тратуары...

Потым рассоўваю хмары

І неба да бляску глянцую.

А потым усцягваю сонца,

Цягну на свой бок яго волакам,

Як некалі лодкі цягалі...

Крок...

А лямка гэтак жа рэжа!

Крок...

Няма мне ў што ўперціся!

Крок...

Нага... Зноў нага саслізнула!

Крок...

Нялёгкі ён, хлеб бурлацкі!

Крок...

Яшчэ крок...

І вось яно, сонца!

Дзень добры! Уставайце, людзі!..

Толькі цішай крыху захапляйцеся —

Дайце ж хоць задрамаць

Стомленаму чалавеку,

Якому і заўтра волакам

Усцягваць на ваш бок сонца

У начную змену.