epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Начны дыялог

— Вунь маладзік прысеў на горку

Каля стагоў...

— Глядзі, глядзі — упала зорка!

— Ну й што з таго...

 

— Кажу, што менш на небе сведак —

Сама ж мяркуй!..

— Не камячы касынку гэтак,

Пусці руку!

 

— А бачыш — з саду выйшаў хтосьці,

Сюды глядзіць.

— Ой, не цалуй... Ну, сціхні, Косцік,

Дамоў ідзі.

 

— Ды то пайшоў ужо каханы

Сястры тваёй.

— А ты не йдзеш, які паганы...

Ты ўсё сваё...

 

— А вечар! Гэтакі прыгожы

Па-над сялом...

— Ты што, зусім не бачыш, можа,

Днець пачало!

 

— І праўда, светла ўжо, Марынка,

Ну, што ж, пайду.

— Ідзеш? А як жа я сцяжынку

Адна знайду?..