epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Наручнікі

Ён уцякаў з фашысцкай катавальні,

З сабою ўзяўшы толькі свае сны —

Свабоды покліч прагны, развітальны.

 

Наручнікі звінелі, як званы,

Здавалася, ўвесь свет яны разбудзяць,—

Як здраднікі, стараліся яны,

 

Выслужваліся, як ліхія людзі.

О, як ён ненавідзеў іх тады,

Глытаючы свабоду на ўсе грудзі!

 

А на губах — ужо быў смак вады,

І рукі пад жалезам так свярбелі,

І на расе — халодныя сляды...

 

А кайданы усё мацней звінелі.

І што ні крок — грымотны перазвон.

І кат ужо у звон у гэты цэліў...

 

Калі ж смяртэльна спатыкнуўся ён,

Зямля аж гулка загула, здаецца —

Такі стаяў на ўсёй планеце звон...

................................................................

Уцекача знайшлі праз годы дзеці —

Яго, што ў волю блізкую ўцякаў,

Ды не знайшоў яе і на тым свеце.

 

Наручнікі, што скінуць ён жадаў,

Нібы аўчаркі, упіліся ў злосці,

І рукі сціснула жалеза, нібы ўдаў.

 

Ды вызвалення ўсё чакалі косці,

Каб вольна ў травах рукі распластаць...

Гніе жалеза так марудна штосьці...

 

А рукі пад жалезам усё яшчэ свярбяць.