epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Нарвежская балада

Па гарадах,

з якіх снягі абтрэсены,

Як з крылаў цяжкіх матылька,

Чужыя словы ходзяць весела,

Трымаюць кветкі у руках.

 

Па гарадах усёй Нарвегіі

Чужыя словы толькі й чуць,

Яны ідуць, як прывілегіі

І як захопнікі ідуць.

 

За горы хочацца так дужа ім,

Дзе ў цеплыні,

сярод завей,

Сагрэтая рукамі дужымі

І адгароджаная сцюжамі,

Другая мова шчэ жыве.

 

Яна пра вікінгаў расказвае

У песнях, як снягоў разгон:

Фіёрды з даўнішнімі назвамі

Прыводзіць у дзіцячы сон.

 

І б’ецца між гарамі цеснымі

Жывога слова мужны дух,

А прыхадні

з сваімі песнямі

На горы прыступам ідуць.

 

І вязнуць, дзе снягі глыбокія,

У гурбах тонуць з галавой...

Чужыя словы,

смелавокія,

Што трэба вам за той гарой?

 

Вы дома радуеце слоўнікі,

А тут —

ды што вам гаварыць! —

Тут тролі — казачныя гномікі —

Назад вас спіхваюць з гары.

А горы ўсталі, як шаломнікі,

Дзе лезлі словы, як вужы...

 

Скажыце, горы,

ёсць вам помнікі,

Што не пусцілі слоў чужых?

 

Што ў гарадах,

дзе снег абтрэсены,

Як з крылаў лёгкіх матылька,

Свае ўжо словы ходзяць весела,

Сабраныя сваімі песнямі,

Трымаюць кветкі у руках.