epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Настальгія арабінкі

Хто прывёз цябе ў гэту краіну вечназялёнага лета,

Хто пакінуў цябе між экзотыкі джунглевай гэтай,

Хто цябе пасадзіў у зямлю жыватворна-такую,

Дзе ты сумуеш?

 

І зямля, хоць чужая, цябе шчодраю ласкаю

дорыць,

І рабінкі твае ў ёй растуць велікатыя, як

памідоры,

І святла, і цяпла — усяго табе тут хапае.

Што ж ты ўздыхаеш?

 

Сто вятроў прашумела над гадамі, лістамі

тваімі,

Ды і тут, без Радзімы, ты жывеш па часе

Радзімы:

Сярод вечназялёнага гулу трапічнай прыроды

Пазнаеш поры года.

 

Калі ў нас лістапад — ты лісцё, як і дома,

скідаеш:

Сто гадоў ужо белай, беларускай зімы ўсё

чакаеш,

Калі красавік Беларусь абнадзеіць — ты

адчуеш, і тут, як калісьці,

Прачынаешся ў лісці.

 

І глядзяць са здзіўленнем на цябе, нязвычнае

дрэва,

Вечназялёныя пышныя твае суседкі і справа,

і злева.

Ты ж адвыкнуць ніяк ад Радзімы далёкай не

можаш...

Памажы дрэву, Божа!

 

Не паможа тут Божа. Ніхто не паможа ніколі.

Без радзімы мы ўсе, хоць на волі, а ўсё ж у

няволі,

Настальгія, як рана, запаўняе збалелыя грудзі

Дрэвам і людзям.