epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Нібы па струнах нехта гучна..."

Нібы па струнах нехта гучна

Ударыць раптам пяцярнёй,

Слова даўняе «Аблучча»

Запахне даўняю тайгой.

 

І даўні вецер уварвецца —

Нібы ў вагоннае акно.

Крык цягніка абудзіць сэрца

І ўзрушыць хмельна, як віно.

 

І прыгадаецца агеньчык,

Што глядзіць з начной тайгі.

Той успамін — нібы каменьчык

Далёкай, спраўджанай тугі.

 

І колы зноўку загрукочуць,

І зарыпіць наноў вагон,

І зноў злавіць захочуць вочы

Настальгічны той агонь.

 

Бы толькі гэтай астаноўкі

І не ставала у жыцці,

Табе захочацца ізноўку

У цемру, як тады, сысці.

 

Ісці сцяжынкаю кедровай,

Чужэць вагонным галасам,

Нібыта ў хатцы той тайговай

Здавён-даўно жывеш ты сам.

 

І ў гэтай цемені абложнай

Спяшаць таропка напрасткі,

І ўжо не чуць, як дзесь трывожна

Цябе гукаюць цягнікі.