epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Не стане і мяне..."

Не стане і мяне.

І чалавецтва — як паветра, як вада —

Бясшумна зойме маё месца,

Па пустаце раптоўнай расцячэцца,

Мае сляды адразу зараўняе,

Запоўніць вызваленую прастору,

Дзе толькі што ў віры жыццёвым

І плакаў, і смяяўся я.

 

А недзе ў той жа час,

Як парастак настойлівы,

Галоўкай кволаю, што цемечкам пульсуе,

Праб’е дзіцятка тоўшчу кісларода,

Паветра крыкам у бакі рассуне

І прыйдзе ў свет, запоўнены дазвання

Бялкамі, хларафілам і людзьмі,

У свет, дзе заўжды

Плачуць і смяюцца.