epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Неадасланы ліст да маці

Пішуць хлопцы лісты дадому —

У студэнтаў ёсць радасць такая...

Я таксама пішу табе сёння.

А нашто? —

Сам сябе пытаю.

Успаміны ж прыйшлі нязвана,

Прыгадаўся мне зноўку час той —

Сустракаў я цябе пасля працы,

Бег на выган хлапчук віхрасты.

І прасіўся к табе на рукі,

Хіба ж ведаць я мог, бесклапотны,

Што гудзелі яны і нылі

Пасля цяжкай

Мужчынскай работы.

Шмат чаго я тады не ведаў,

У пакутныя тыя вёсны:

І каму ты вячэру насіла,

І чаму пакідала кросны;

Хто хаваецца ў нашым склепе,

І чаму ён не прыйдзе ў хату,

І чаго недзе вельмі далёка,

А не з намі жыве наш тата;

І чаго па грыбы ты хадзіла,

Хоць я рэдка еў бульбу з грыбамі;

І што ты ў гумно вазіла

На калёсах цяжкіх пад снапамі...

Як вялі цябе ў горад пад вартай,

Зразумець я не мог анічога:

Слёзы... Слёзы...

Сястрычкі галосяць...

А мяне суцяшаюць, малога.

Мне ж і цётка-суседка сказала,

Што дамоў цябе пусцяць уранні...

І хоць слёзы ёй засцілі вочы,

Я не мог не паверыць Ганне...

А калі ўжо слязой перад смерцю

Ты сіроцтва маё абмывала,

Я дзівіўся, чаму гэта цётка Не сваіх,

А мяне забаўляла.

Пішуць хлопцы лісты дадому —

Радасць светла ля іх карагодзіць!

Я таксама пішу,

Хоць і знаю:

Пісьмы, мама, мае не даходзяць,

Пісьмы, мама, дарог не знаходзяць

Туды, да цябе...