epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Нешта

 

У некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве, а менавіта якраз у тым, у якім мы з вамі жывём ці, справядлівей будзе сказаць, ледзь мадзеем, жыў ды быў сабе чалавек, які вельмі хацеў набыць сабачку. А купіў чамусьці машыну. Ездзіць ён на гэтай машыне, а сам усё пра сабачку думае.

І вось аднаго разу азірнуўся ён неяк назад і бачыць: бяжыць услед за ім сабачка. Ну, можа, не зусім сабачка — кудлаценькае такое сабачанё. Машына едзе, і сабачанё бяжыць. Ушчыпнуў ён сябе за вуха, каб пераканацца, што не спіць, што гэта яму не здаецца, і бачыць, што не, не мірсціцца: і вуху балюча, і сабачка бяжыць.

Праўда, сабачка той не такі ўжо і выразны — калмаценькі нейкі, рэдзенькі: ці то гэта дым ад машыны клубіцца, ці, можа, пыл які завіваецца, але ж, як кажуць, доранаму каню ў зубы не глядзяць: які ёсць, такі і ёсць, калі бяжыць услед, то хай сабе і бяжыць.

Дужа падружыўся чалавек з гэтым сабачкам. Куды ні збіраецца, сядзе за руль, свісне яму і заводзіць машыну. І ён ужо тут як тут, ужо круціцца каля выхлапной трубы, ужо бяжыць, нюхаючы, услед за вароты. Ды так ужо блізенька бяжыць, нібыта баіцца, каб не адстаць, каб не згубіцца дзе-небудзь у незнаёмым месцы, на незнаёмай дарозе. Бывае, калі чалавек нечакана затармозіць, сабачка аж на капот багажніка ўзаб’ецца. Стукнецца аб бампер, заякоча, адскочыцца троху і зноў ужо бяжыць каля самага кола.

Вярнейшага сябра чалавеку і не трэба было шукаць. І больш надзейнага вартаўніка — таксама. Прыедзе ён у лес, паставіць машыну дзе ў хмызняку ці на палянцы, і сам пайшоў. Не баіцца, што яе нехта ўкрадзе — каля машыны ж застаецца такая абарона: сабачка хоць на выгляд і маленькі, несамавіты, але да машыны, ён верыў, нікога не падпусціць.

Куды толькі чалавек не ездзіў, і за ім заўсёды бег гэты неспадзяваны сябра і таварыш.

Але, як кажуць, усяму свой час.

Неяк чалавек азірнуўся і аж разгубіўся ад нечаканасці: ягоны сабачка бег не за ім, а даганяў чужую машыну. Тая звярнула з шашы на палявую дарогу, што праставала да недалёкага лесу, і сабачанё настойліва бегла за ёю: ці то яно абазналася машынаю і паблытала гаспадара з чалавекам, які сядзеў за чужым рулём, ці то, можа, рабіла гэта свядома.

Чалавек з’ехаў на ўзбочыну, спыніўся там, доўгі час сігналіў, а вылезшы з машыны, свістаў і спрабаваў клікаць сабачку, злуючыся на самога сябе, што да гэтага часу яшчэ не даў яму імя — вось і кліч цяпер, як хочаш! Сабачка ж не звяртаў аніякай увагі на яго намаганні, бег, нюхаючы, перабягаючы ад кола да кола за незнаёмым грузавіком.

Чалавеку здавалася, што сабачка ніколі не вернецца, але ён усё ж стаяў і цярпліва чакаў яго.

Сабачкі доўга не было. Аднак чалавек яго ўсё ж дачакаўся. Ён вярнуўся з нейкаю старою, дапатопнаю, разламанаю трохтонкаю, што, грукочучы бочкамі, праз нейкі час уз’ехала на шашэйку.

Вінячыся, падбег да гаспадара, не паднімаючы вачэй ад зямлі, круціўся ля яго ног — нібыта прасіў за нешта прабачэння. І чалавек, пажурыўшы крыху свайго сябра, так і не зразумеўшы, за што той вініўся, зноў сеў у машыну і паехаў, — яму здалося, што сабачка проста заблудзіўся, пераблытаў пахі і колеры і, як за сваёй, пабег за чужою машынаю.

Але пасля гэтага Жыгун — так чалавек зваў зараз сабачку — пачаў знікаць усё часцей і часцей. Едзеш, азірнешся, а яго ўжо і няма. Толькі што кудлаціўся за коламі, і ўжо знік, нідзе не відно. Здаралася, сабачкі не было па цэлым тыдні, а пасля ён з’яўляўся — стомлены, худы, нейкі ўвесь абшарпаны, абадраны, але па вачах было відаць — шчаслівы.

Аднойчы вясною, калі чалавек ездзіў у лес пускаць бярозавік і ўжо вяртаўся дадому, сабачка, які перад гэтым доўга адсутнічаў, дагнаў яго недзе на паўдарозе.

На гэты раз ён быў не адзін.

Гаспадар спачатку падумаў, што такое яму, як і даўней, пры першай сустрэчы, усяго толькі здаецца, але што ён ні рабіў, відзежа не праходзіла: за машынаю беглі двое сабачак — кожны ля свайго кола. Яны часам сутыкаліся, дакраналіся бакамі, мысамі, і было відаць, што такое дакрананне ім даспадобы, і робяць гэта сабачкі ці не знарок, — адбягаюцца адно ад аднаго, каб неўзабаве сустрэцца зноў.

Зараз ужо сабачка пачаў знікаць яшчэ часцей, і гаспадар амаль зусім не бачыў яго. Часам яны — зноў жа ўдваіх з сучачкай — даганялі яго машыну і, прабегшы колькі кіламетраў, патаўхаўшыся за яго багажнікам, незаўважна знікалі.

Ішоў час. Гаспадар сумаваў па свайму сябру, да якога ўжо так прывык, выходзіў на двор удзень і ўночы, свістаў, клікаў, але толькі вецер часцей за ўсё адказваў яму.

Сабачка на падворышчы з’яўляўся ўсё радзей і радзей, а пасля і знік назаўсёды.

Гаспадар чакаў, журыўся, аднак не злаваўся і не дакараў Жыгуна. Ён ведаў, што ў некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве зараз была самая вясна і што сабачка ў гэты час якраз шукаў сабе пару і хутчэй за ўсё знайшоў яе.

Што ж паробіш, калі прырода мацней самай моцнай дружбы, а нешта сваё, хай яно і з нейкага там няпэўнага дыму ці пылу, даражэй, бліжэй за чужое, хоць яно і з рэальнай, надзейнай плоці і думак.

Жыццё патрабавала свайго, і сабачка да чалавека не вярнуўся...

Затое засталася ў яго машына.

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 109-111
Крыніца: скан