epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Па вайне

Быў цяжкі год,

Жаночы год.

 

Удовы ўпрагаліся ў параконныя плугі,

А мы, дзеці,

Ледзь паспявалі бегчы за гэтымі плугамі,

Якія валілі нас,

І мы, як галчаняты, губляліся ў баразне —

Мы, мужчыны...

 

Яны паднімалі нас,

Атрасалі ад зямлі

І цалавалі неяк вельмі ўжо нязвыкла —

У самыя губы...

 

Быў цяжкі год,

Жаночы пот —

Салёны, як удовін сум...