epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Пачакальня ў дождж

Ішоў дождж. Нягледзячы на тое, што стаяла самае лета на пачатку ліпеня, ён быў халодны і ўжо нейкі восеньскі, не кароткачасовы, як кажуць сіноптыкі, а аблажны, не летні, цёплы і парны, а сумны, нудны, надакучлівы.

Таму ў будынку вялікай, як стадола, і няўтульнай, як усе нежылыя, хоць і дужа людныя памяшканні, аўтобуснай станцыі сабраліся ўсе, хто чакаў сваіх ранішніх аўтобусаў.

Звычайна ў сонечныя дні тут бывае вельмі душна - стадола праграваецца як не да апошняга глытка паветра з самае раніцы, а ўдзень няма чым дыхаць - таму ўсе паязджане чакаюць на вуліцы, а сёння, як пахаладала, як задажджыла, людзі пачалі шукаць месца, дзе цяплей і сушэй.

Раней гэтая стадола мяне непрыемна ўражвала сваёю пустатою. Нават тады, калі ў ёй было шмат народу, яна ўсё роўна здавалася парожняю-парожняю. Можа, таму, што столь у ёй была вельмі высокая - як паглядзіш угору, дык аж шапка з галавы валіцца, - а можа, ад вялізных, на ўсю сцяну, да самай столі вокнаў, што ўверсе стваралі вялікую незапоўненую прастору. Занятая ўнізе метры на два - там варушыліся, мітусіліся, кішэлі людзі, - яна на ладны дзесятак метраў была зусім пустая ўгары. Часам заляталі ў яе вераб'і ці галубы, якія бясшумна ляталі пад столлю і зусім не заміналі, калі хто хацеў вызваліцца ад натоўпу і быць адзінокім, самотным сярод чалавечай мітусні - варта толькі падняць галаву.

Была раніца. У Віцебск я прыехаў начным цягніком вельмі рана і зараз чакаў першага аўтобуса ў бок Езярышча. Раней за ўсіх ішоў туды Велікалукскі, але білета на яго я не купіў: Невель, Вялікія Лукі - гэта ўжо Расея, на той час замежная краіна, і ўсе білеты на гэтыя аўтобусы загадзя расхопліваюць мяшэчнікі. Ехаў я неяк Велікалукскім, далі мне ў касе білет без месца, але ў ім нават стаць не было як - праход, сядзенні, усе больш-менш прыдатныя для гэтага месцы былі забіты, завалены рознымі мяшкамі, торбамі, чамаданамі, цюкамі, пакункамі, напоўненымі матрацамі - беларускія «бізнесмены» везлі ў суседнюю дзяржаву нашы тавары.

На гэты раз я сядзеў і чакаў свайго, Езярышчанскага.

У пачакальні было вельмі многа народу. Людзі таўкліся, мітусіліся, штурхаліся, не заўсёды ўдала размінаючыся адзін з адным, ад няма чаго рабіць падоўгу стаялі перад раскладам руху аўтобусаў, разглядалі карту вобласці з лініямі аўтадарог на ёй, нудзіліся ў чэргах ля кас, сядзелі дзе хто мог і стаялі каля сваіх сумак і авосек.

Мне таксама не было чаго рабіць. І пачаў разглядаць пасажыраў - а куды ж яны, не зважаючы на дождж, едуць?

Большасць, канечне, ехала на свае дачы - была якраз субота, і тыя, хто па нейкіх прычынах не змог паехаць у пятніцу, спяшаўся да сваіх градаў і хатак сёння. Яны былі апрануты для працы, везлі з сабою ежу на адзін ці на два дні ў легкаватых сумках і авоськах.

Вылучаліся з натоўпу і грыбнікі - у штармоўках, у гумовых ботах, з парожнімі кошыкамі... Звычайна бываюць спрыяльныя гады для розных грыбоў: год баравікоў, год апенек, год лісічак... Сёлета ж, я ўжо ведаў, быў год падасінавікаў - як пачаліся яны з таго часу, калі з'яўляюцца першыя грыбы-каласавікі, так яшчэ і не скончыліся і хутчэй за ўсё не скончацца аж да самай восені. Яны - прыгожыя, чырвонагаловыя, крэпенькія - папавыйшлі нават на сенакосы, і я быў упэўнены, што ўсе вось гэтыя людзі, якія едуць у лес, вернуцца дадому з поўнымі кошыкамі.

Была яшчэ няпэўная катэгорыя пасажыраў - хто ў госці, хто на працу, хто з гасцей, хто з працы, - але яна не стварала нейкай сваёй адзінай групоўкі, а растваралася між іншымі.

І толькі «бізнесмены», а па-старому - спекулянты, трымаліся асобнаю, сваёю групкаю. Звычайна яны ўсе свае панапханыя сеннікі і матрацы складаюць на вуліцы, на платформе, да якой павінны падаць аўтобус, а сёння дождж, як і ўсіх, загнаў іх у будынак станцыі - не будзеш жа раскладацца пад дажджом, замочваць тое, што вязеш прадаваць.

Калі стаміліся вочы глядзець, а вушы слухаць, калі надакучыў увесь гэты тлум і галас, я міжволі, але з нейкаю надзеяй падняў галаву ўгору і над людскім натоўпам, нібы вырываючыся з яго, угледзеўся ў шыбы пад самаю столлю. І адразу ж стала ціха-ціха, быццам хто выключыў увесь вакзальны шум, і душы стала спакойна і прасторна - як усё роўна абтросся ад усяго, што ўнізе, і сам перамясціўся ў незапоўненую, парожнюю прастору.

Сядзеў доўга, маючы асалоду нават тут адчуваць сябе адзінокім - я, і праўда, нібы ўзлунаўшы пад столь, быў адзінокі і сцішаны сярод вакзальнага шуму і тлуму.

Думаў, што вось еду касіць, а тут лье такі дождж, які хутчэй за ўсё не хутка скончыцца, што я буду сядзець у хаце і перажываць - касіць-то можна, але ж як высушыць скошанае: пагніе...

І ўвогуле, думаў я, ёсць нейкі абсурд у гэтай маёй касьбе - каровы няма, есці сена няма каму, а я ўсё кашу, сушу, здаю ў калгас...

Але ж якая радасць і шчымлівае, непаўторнае хваляванне запаланяе мяне ўсяго, калі набліжаецца гэтая светлая пара, часіна, якой я, аказваецца, чакаю ўвесь год. «Я еду касіць», «касіць, касіць, касіць», - з якім трымценнем і радасцю прамаўляю я тады гэтыя словы і ўжо ўяўляю звыклую дарогу да касы.

Цікава, ці будзе сёлета лавіць рыбу на Лосвідзе той самотны рыбак, які заўсёды, у любое надвор'е, ціха сядзіць у сваёй гумовай лодцы якраз пасярод возера.

Я люблю тады сядзець каля акна і сцішана глядзець праз шыбы - на дарогу, на прысады каля яе, углядацца ўдалячынь, якая табе, праязджаніну, здаецца мройліваю і звабліваю.

Ведаю, што і сёння буду чакаць Лосвіда, углядацца, каб убачыць таго завочна знаёмага рыбака, які ў ранішняй шэрані пад дажджом, канечне ж, будзе сядзець пасярод возера. І яшчэ мне, як заўсёды, будзе карцець даведацца, пра што ж ён думае ў такой адзіноце, што гоніць яго і што змушае ў такі дождж веславаць сваю лодку на сярэдзіну возера...

Вывеў мяне з гэтай раўнавагі сабачы брэх. Я, усё яшчэ ахоплены сваімі думкамі, не апускаючы галавы ўніз і не адводзячы вачэй ад шыбаў пад столлю, прыслухаўся. І праўда, непадалёку брахаў сабака.

Вярнуўшыся, нібы ўпаўшы, на зямлю, я ўбачыў яго: невялічкае, чорнае сабачанё з гладкаю, нібы прылізанаю поўсцю - мусіць, яго зусім нядаўна выкінулі гаспадары. Яно сядзела перад хлопцам, хутчэй за ўсё студэнтам, які нагнуўся над сваёю сумкаю, і брахала неяк дзіўна, нібы падвоена:

- Гаў! Гаў! - крыху памаўчыць, а тады зноў: - Гаў! Гаў!

- Чаго ты, сабак, брэшаш на мяне? - ушчуваў яго студэнт. - Я ж табе нічога дрэннага не зрабіў. Перастань, а то надаю па вушах...

- Не чапай яго, - умяшаўся дзядзька, што сядзеў на лаўцы насупраць. - Гэта ж ён так у цябе есці просіць. Ты палез у сумку. А ён падумаў, што за ежаю.

- Няма ў мяне нічога, сабак. Гэта я проста сумку зашпіліў лепей. Каб дождж сарочкі не замачыў.

І сабачка нібы зразумеў яго. Падхапіўся і пабег у іншы бок - там хтосьці, адкрываючы сумку, шмаргануў «маланкаю».

Сабачка быў дужа шустры, бегаў ён хутка - тэп, тэп, тэп, тапу-тапу, тапу-тапу.

Стаў перад тым ужо чалавекам, віляе хвосцікам:

- Гаў! Гаў!

Чалавек дастаў з сумкі кнігу. І сабачка, убачыўшы, што так памыліўся, расчаравана апусціў вочы долу, але тут жа, навастрыўшы вушы, пачаў, усё яшчэ віляючы хвосцікам, прыслухоўвацца, ці не лезе яшчэ хто-небудзь у сумку, ці не збіраецца хто перакусіць.

Дзядзька ў падраным, залапленым пінжачку, той, які толькі што тлумачыў студэнту, чаго брэша сабака, сам неасцярожна палез у сваю кайстру. І сабачка тут жа прыбег да яго. Сеў на заднія лапкі, загнуў хвост угору - акурат чорны банан - і напружана, нецярпліва сочыць за дзядзькавымі рукамі, якія корпаюцца ў кайстры.

- Гаў! Гаў!

- А сынку ты мой! - нечакана ласкава адзываецца да яго дзядзька. - А ў мяне ж таксама няма чаго табе даці. Пенсія не прыйшла, а хлеба без яе не купіш. Нічога няма. Хіба во толькі бульбіна... Дачка во, я ад яе еду, купіла на рынку маладой бульбы, мне троху ўсыпала... Паспрабуй, кажыць, бацька...

І дзядзька дастаў з кайстры бульбіну і, нібы апраўдваючыся, паказаў сабаку. Той лізнуў бульбіну, лізнуў дзядзькаву руку і зноў сядзіць, глядзіць у вочы:

- Гаў! Гаў!

- А хто ж цябе такога прыгожанькага выкінуў? - як не плача, жаласлівіцца дзядзька і казыча сабаку між вушэй, гладзіць яго па чысценькай поўсці.

Сабачку, мусіць, і праўда выкінулі нядаўна - ён яшчэ не паспеў зблажэць, збрыдзець, апаршывець, калі ўжо, чэшучыся, здзіраюць зубамі са спіны разам з валасамі і скуру. Пакуль што ён быў усяго толькі худы і згаладалы.

Дзядзьку, усе бачаць, пагуляць з ім хочацца, а сабачку не да гульні: ён есці хоча! І ўсё ж, бывае, і прытуліцца да дзядзькавага пінжака, мокнецца пыскаю ў дзядзькаў твар - нібы разумее, што дзядзька не вінаваты, - а тады адхінецца і зноў у вочы глядзіць:

- Гаў! Гаў!

Аднекуль прыбегла малая дзяўчынка з ледзянцом у руках - цукерка была на палачцы, і дзяўчынка, нібы дражнячыся, з асалодаю лізала яе з усіх бакоў.

Сабачка адразу ж кінуўся да яе, сеў зусім блізенька. Віляе хвосцікам і глядзіць у вочы. Ды так ужо глядзіць, што здаецца, яшчэ трошкі - і ён вырве гэты ледзянец з дзіцячых ручак. Дзяўчынка аблізвае ледзянец, а сабачка сам аблізваецца. Аблізне пыску язычком і зноў цярпліва сядзіць, віляе хвосцікам. І, напружыўшыся - увесь увага, - глядзіць на дзяўчынку.

- Гаў! Гаў! - просіць.

Але дзяўчынка нават і не думае дзяліцца з ім.

Падыходзіць яе маці - маладая яшчэ жанчына, просценька так апранутая: відаць, даношвае ўсё са сваіх старых, а можа, ужо і чужых сукенак.

- Дай сабачку, - кажа яна дачцэ.

- Ай, я сама хачу, - адмаўляецца дзяўчынка.

Само сабою сціскаецца сэрца - як усё роўна хто душыць цябе: разумееш, што дзяўчынка не дае сабачку цукеркі не таму, што яна такая дрэнная ці скупая, а таму, што сама, мусіць, вельмі рэдка бачыць нават такія просценькія прысмакі, як гэты ледзянец на палачцы.

- У беднай маці не можа быць багатая дачушка, - нібы сам сабе, калі пабегла малая і пайшла яе матуля, сказаў стары ў залапленым пінжаку.

- Пакуль не вырасце, - паправіў яго хтосьці ззаду.

Я ўжо шкадаваў, што адмовіўся ад «сабойкі», якую мяне змушалі ўзяць дома.

І раптам сабачка сарваўся з месца і, хутка-хутка тэпаючы тонкімі, худымі ножкамі - тапу-тапу, тапу-тапу, - кінуўся не ўслед за дзяўчынкаю і яе маці, а зусім у процілеглы бок.

Я ды, можна сказаць, і іншыя пасажыры, якія сядзелі ў гэтай палове пачакальні, ужо з цікавасцю сачылі за сабачкам. А ён, паспешліва абабегшы лаўку, якая замінала яму, не давала ляцець напрамкі, паімчаўся да старэнькай бабулі, што ў завязанай пад бараду хусцінцы сядзела далекавата ад нас.

Яна якраз дастала з вузельчыка невялікую скібку хлеба, разламала на дзве палавіны, каб зручней бяззубай есці, і ўжо выцірала ражком хусцінкі рот перад тым, як пачаць снеданне. Дзіўна, адкуль пра гэта даведаўся сабачка - убачыць ён гэтага не мог, бо сядзеў, гледзячы на нас. Можа, па нейкім шораху, які змог пачуць толькі ён, можа, па паху, які і здалечыні вылавіў яго згаладалы нюх.

Але да бабкі сабачка не дабег. Тая, убачыўшы, што ён бяжыць да яе, махнула на яго рукою, і сабачка, як бег, так і сеў зводдалек. Сядзеў, віляў хвосцікам, аблізваўся і, нецярпліва пераступаючы пярэднімі лапкамі, нібы танцуючы, глядзеў, як бабулька есць хлеб. Толькі памкнецца да яе, а яна зноў нязлосна махне рукою, і ён паслухмяна застанецца на месцы, зноў сядзіць, перабірае лапкамі, аблізваецца.

А старая нічога яму не дае. Было відаць, што ён не злуецца на яе - быццам і сам ведае, што гэтая разламаная скібка, якую бабулька есць з дзвюх рук ні з чым - хлеб з хлебам, - можа, у яе апошняя.

Але так толькі здавалася. Раптам - я і сам не заўважыў, як гэта адбылося, - сабачка стрымгалоў, маланкаю - бабулька нават рукою махнуць не паспела - кінуўся да яе, выхапіў з рукі кусаннік і тут жа, здаецца, нават не жуючы, праглынуў яго.

І не кінуўся ўцякаць, а, наадварот, зноў сеў перад старою, зноў, нявінна аблізваючыся, пераступаючы лапамі, чэсна глядзеў бабульцы ў вочы - быццам нічога і не здарылася.

Бабулька на яго не пакрыўдзілася. Замест таго каб раззлавацца, разгневацца, пачаць сварыцца, а то і біць сабачку - апошні ж хлеб украў! - яна рассмяялася сваім бяззубым, сабраным у маршчыны ротам:

- Во нягоднік. У малой цукерку не адабраў, а ў мяне, старой, апошні кусаннік з рук выхапіў. Бачыць - старая баба, ёй і паміраць ужо можна.

Усе, хто назіраў за гэтым, з палёгкаю ўздыхнулі. А сабачка ўсё сядзеў перад старою і глядзеў, як яна даядала тое, што засталося.

Толькі цяпер я ўбачыў яшчэ двух, ужо вялікіх і калматых, нечасаных сабак - чорнага і папялістага. Яны грэбліва стаялі ўбаку і спакойна назіралі за тым, што тут робіцца. І было незразумела, ці то яны - паважныя і спакойныя - асуджаюць сабачку за дробязныя паводзіны, ці то зайздросцяць яму.

Студэнт, які сядзеў побач са мною, раптам, нібы прачнуўшыся - толькі што ён, як і ўсе, сачыў за выхадкамі сабачкі, - зірнуў на гадзіннік, паспешліва пахапаў за ручкі сумку і пабег да выхаду: відаць, ужо спазняўся на аўтобус. А на яго месца адразу ж гэпнулася сярэдняга веку жанчынка ў чырвоных гумовых ботах, у зеленаватай штармоўцы, у чорным трыко, з амаль парожнім кошыкам у руках, дзе ляжала толькі нешта ў вузельчыку.

Яна яшчэ не паспела ўбачыць сабачку і не ведала, што ён падбягае да кожнага, хто нешта дастае ці развязвае, адразу ж паставіла кошык на калені, распайстрыла вузельчык, дастала бутэрброд з каўбасою і ўзялася есці - мусіць, спяшаючыся ў грыбы, не паспела паснедаць дома.

І тут жа якраз перад ёю з'явіўся сабачка. Прыбег, прысеў на заднія лапы і вельмі ж эмацыянальна пачаў віляць хвосцікам.

- Гаў! Гаў!

Гэтая просьба яго была дабрадушная, нават ласкавая, і жанчына зразумела яе як прывітанне, як знаёмства.

Сабачка ж сядзеў, яшчэ больш нецярпліва перабіраў лапкамі, пільна глядзеў на жанчыну, сачыў, вадзіў вачыма за кожным рухам яе рукі з бутэрбродам і ўтрапёна аблізваўся.

- А, дык і ты есці хочаш, - загаварыла да яго жанчына, дастала з кошыка кавалак хлеба і кінула сабачку пад ногі.

Але той толькі паглядзеў, куды ўпаў хлеб, але не кінуўся хутчэй яго есці - сядзеў, як да гэтага, віляў хвосцікам і брахаў:

- Гаў! Гаў!

- Во, панота, ён ужо, бачыце, хлеба есці не хоча, - зазлавала грыбніца. - Значыць, ты, мой родненькі, не галодны. Як прагаладаешся, тады і прыбягай.

Жанчына ўжо нагнулася, каб падняць той кавалак хлеба, які кінула на падлогу, працягнула ўжо руку да яго, а сабачка тут жа хуценька паставіў лапу на хлеб і зноў брэша:

- Гаў! Гаў!

Грыбніца разгубілася:

- І сам не есць, і другім не аддаець...

- Гэта ж ён у цябе яшчэ просіць. Бачыць, што таго, які ты кінула, мала будзіць, - усміхнуўся дзядзька ў залапленым пінжаку.

Жанчына недаверліва паглядзела на дзядзьку, а тады зноў на сабачку.

- А я думала, ён брэшыць, што не тое дала...

Усё яшчэ не верачы ў пачутае, яна неяк няўцямна адламала яшчэ адзін кавалак і кінула сабачку. Той хацеў злавіць яго на ляту, але гэта не атрымалася, кавалак зваліўся на падлогу, і сабака, не нюхаючы, амаль не жуючы, не прымаючы лапы з раней кінутага кавалка, памагаючы сабе галавою, праглынуў хлеб. І тут жа ўзяўся за ранейшы пачастунак - неяк асцярожна, мусіць, каб не пакрышыць, выцягнуў кавалак з-пад сваёй жа лапы, а потым хапатліва, спяшаючыся, з'еў і яго.

І зноў сеў перад жанчынаю, і зноў угледзеўся ёй у вочы.

- Гаў! Гаў!

- Гэта ж ён у цябе і каўбасы просіць, - растлумачыў сабачыя паводзіны дзядзька ў залапленым пінжаку.

Але каўбасы ў жанчыны ўжо не было - з'ела сама.

І раптам сабачка, насцярожыўшыся, пачаў круціць галавою, варушыць вушамі, а тады сарваўся з месца і на злом галавы, па нагах, якія павыцягвалі паязджане, што сядзелі на лаўках, кінуўся да выхаду. Спыніўся ля бабулі, якая толькі што зайшла, - вольных месцаў не было, дык яна прыткнула сваю сумку да чужых, а сама, згорбленая, заклаўшы за спіну рукі, стаяла побач. Месца ніхто ёй не даваў, маладыя рабілі выгляд, што чымсьці вельмі занятыя, а старыя круцілі галовамі - шукалі, дзе б каго сагнаць. А бабуля, сагнутая ў крук, стаяла спакойна. Правільней, стаяла толькі яе ніжняя частка, а другая, верхняя, нібыта ляжала над сумкаю.

Сабака таксама не садзіўся - падазрона прыглядаўся да сумкі, касавурыўся, прынюхваўся, і чым уважлівей ён гэта рабіў, тым больш хваляваўся. Праз нейкі час ён ужо прыклаў да галавы вушы, ашчэрыўся і замест таго каб ласкава, як ён гэта ўмее, выпрошваць ежу, пачаў гырчэць.

- Чым ты так сабаку напалохала? - здалёку крыкнуў старой дзядзька ў залапленым пінжаку. - Што ты ў сумцы вязеш?

- А тваё якое дзела? - спачатку зазлавала старая, а потым, мусіць, убачыўшы, што ніякага здзеку ў дзядзькавых словах няма, неяк адразу палагоднела і пачала расказваць, але не дзядзьку, а тым, хто стаяў побач, хто слухаў яе:

- Гэта ж я купіла ў нейкага п'яніцы мяса. Не дужа дорага. Катлетак во нарабіла, унукам вязу...

- Мусіць, сабачыну табе прадалі, - не сунімаўся дзядзька. - Ты ж зірні, як сабака касавурыцца на твае катлеты.

- Адкасніся ты, анчыхрыст! - замахала на яго рукамі бабуля. - Якую сабачыну?!

- А можа, і чалавечыну, - задумаўся дзядзька.

- Цяпер што хочаш могуць прадаць, - падтрымала яго жанчына ў штармоўцы. - Вунь нават шашлыкі з чалавечыны смажаць. Кажуць, салодкае такое мяса, смачнае...

А сабака ўсё яшчэ шчэрыўся і гырчэў. Нарэшце ён забрахаў і кінуўся пад лаўку. І ў той жа час адтуль выскачыла вялікая, пушыстая, жоўтая, як агонь, кошка і кінулася наўцёкі. Сабака, усё яшчэ брэшучы, пабег за ёю, але было відаць, што даганяць яе ён не збіраецца - проста захацелася выгнаць з-пад лаўкі і троху пастрашыць.

- Дык во хто напалохаў сабаку! - усклікнуў мужчына, з-пад чыіх ног выбегла кошка. - А мы ўжо - сабачына, чалавечына...

- А хто яго ведае, - неахвотна адмаўляўся ад сваіх падазрэнняў дзядзька ў залапленым пінжаку. - Можа, тое, а можа, і гэта...

Сабачка, як пабег за кошкаю, так і знік. Мы ж прывыклі ўжо да яго і міжволі чакалі, калі ён вернецца.

І ён неўзабаве вярнуўся. Прабег сюды-туды паміж лаўкамі, зазіраючы нам у вочы, сочачы за нашымі рухамі, віляючы хвосцікам, і спыніўся перад вялікім, роўнакантовым, як паралелепіпед, баулам. Каля яго сядзеў шыракаплечы, таўсматы, як кажуць, кроў з малаком, малады хлопец у модным нехлямяжым адзенні.

Сабачка пабегаў, пабегаў і зноў вярнуўся да баула-паралелепіпеда.

Хоць гаспадар і не расчыняў свайго, падобнага на труну, баула, не рабіў ніякіх рухаў, якія б хоць чым намякнулі, што ён збіраецца нешта даставаць адтуль, каб перакусіць, сабачка ўсё роўна бегаў каля яго, нюхаў з усіх бакоў. А потым і зусім сеў ля баула. Сядзіць, віляе хвосцікам, глядзіць у вочы бізнесмену, нецярпліва пераступае і просіць:

- Гаў! Гаў!

- Ведае, у каго прасіць, - усміхнуўся падпіты мужчына, які да гэтага маўчаў, і падміргнуў мне. - Усе мы разам толькі кавалкам хлеба змаглі яго пацешыць, ды яшчэ во дзед бульбіну маладую паказаў, а гэты, канечне ж, усё можа. Бачыш, які сундук у яго? Разумееш, колькі там усяго смачнага.

Бізнесмен маўчаў, нічога не гаварыў і не рабіў, калі сабачка абнюхваў яго баул. Але як толькі ён пачаў лізаць ручкі, вадзіць пыскаю па замку-«маланцы», нібы спрабуючы расшпіліць яго, бізнесмен спакойна працягнуў руку да баула, узяў парасон, які ляжаў паміж ручак, - сабака, не чакаючы нічога дрэннага, думаў, відаць, што чалавек робіць усё, каб яму нешта дастаць, - і гэтак жа спакойна размахнуўшыся, моцна выцяў проську па хрыбціне.

Сабачка, заекатаўшы, адскочыў ад баула і забрахаў - не так, як гаўкаў звычайна, просячы есці, а злосна, зненавідна, па-даросламу.

Што тут пачалося!

Людзі, якія палюбілі ўжо гэтага сабачку і якія, сцішыўшыся, назіралі, што будзе далей, пападнімаліся з лавак - і мужыны, і жанчыны - і з усіх бакоў накіраваліся да бізнесмена.

- Ты за што яго б'еш, нячысцік?! - злаваліся жанчыны.

- Ану-тку, гад, пакармі сабачку! - патрабавалі мужчыны.

Аднекуль назбягалася сюды вельмі многа сабак - як пры спакоі, дык іх і не відно было ў стадоле, а цяпер, як павылазілі з усіх куткоў, усе ўбачылі, што колішніх пестуноў тут вельмі многа, цэлая гайня. Усе яны - хто зблізку, хто здалёк - абкружылі бізнесмена, стаялі, шчэрыліся і шалёна, несупынна брахалі. Іхні брэх адбіваўся ад сцен, і таму сядзець у зале было невыносна, аж закладала вушы, - здавалася, што ў стадоле было ў пяць, а то і ў дзесяць разоў болей сабак, чым брахала на самай справе.

Бізнесмен зразумеў, што трэба як мага хутчэй уцякаць. Ён падхапіў свой баул і кінуўся да выхаду.

Толькі зараз я заўважыў, што і сам бізнесмен быў падобны на свой баул - шыракаплечы, тоўсты, як напакаваны якім лайном, ён і праўда нагадваў паралелепіпед. Здавалася, два паралелепіпеды - адзін вертыкальны, другі гарызантальны - спяшаюцца да выхаду.

Сабакі нібы знарок давалі дарогу бізнесмену, крыху расступаліся, а як толькі ён праходзіў, адразу ж змыкаліся за яго спінаю і з яшчэ грамчэйшым брэхам беглі за ім.

Як толькі бадзячыя сабакі выгналі бізнесмена з пачакальні на дождж, у будынку аўтастанцыі стала ціха-ціха - сюды толькі зрэдзь калі даносіўся здалены, прыглушаны брэх самых заядлых сабак, якія не пакідалі крыўдзіцеля ў спакоі нават і там, на двары.

Каб крыху супакоіцца і пабыць аднаму, я, успомніўшы пра сваё адкрыццё, падняў галаву ўгору, але супакоіцца не змог: там, пад столлю, ўсё яшчэ была запоўнена сабачым брэхам уся вольная прастора - на зямлі, ля падлогі, ён ужо аціх, а там, уверсе, сама што віраваў.

І нідзе душы не было спакою і адпачынку.

Вярнуўся ў натоўп пасажыраў, нібы вінячыся, што хацеў схітраваць, вылучыцца з іх і ўзняцца над імі, і тады зноў убачыў людзей, тую ж кошку, якая сядзела ўжо ля маіх ног і, заплюшчыўшы вочы, муркала нешта сабе пад нос - значыць, усё гэта не закранула яе, быццам і не было тут ні сабачага, ні чалавечага ўзрушэння.

А па мокрай падлозе - ужо нанасілі і сюды дажджу пасажыры - зноў хуценька бегаў - тапу-тапу, тапу-тапу - і шчыра атрасаўся мокры сабачка, і шмат хто з паязджан зараз раскрываў свае сумкі, плечакі, баулы, авоські, даставаў «сабойкі» - не столькі каб паесці самім, а каб пакарміць галоднае сабачанятка, якое яшчэ так нядаўна было ўпрыгожаннем чыёйсьці кватэры і, канечне ж, улюбёнцам усёй сям'і.

 

1995




Беларуская Палічка: http://knihi.com