epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Падарожжа вакол цябе

Дзень добры, невядомая краіна!

Яшчэ ў вачах тваіх начуе ноч,

І толькі недзе там,

за небасхіламі,

Праменні ўсё спрачаюцца з зарніцамі —

Будзіць цябе ці не...

Ты ж спіш,

І ўсмешка, быццам кропелька на яблыку,

Дрыжыць,

качаецца на вуснах разамлелых —

Не дай Бог адарвецца, упадзе

І шпокнецца аб коўдру...

Гэты выбух

Цябе разбудзіць...

А цяпер ты мякка

Пад сны падклала цёплыя далоні

І слухаеш, як ціхенька ў падушцы

Дурэюць, нібы тыя кацяняты,

Запозненыя, ранішнія сны.

А бровы — матылі твае пужлівыя —

Прачнуліся і ўжо трапечуць крыльцамі —

На першым промні рады паіграць.

А хвалі валасоў —

схвалёванае мора —

Струменяцца па далікатнай шыі,

Як вадаспады,

коцяцца на плечы,

Ласкава затапляюць нават грудзі,

Пакінуўшы два ціхіх астраўкі.

Ды і сама ты ў акіяне белым,

У акіяне светлым, нібы востраў

Жадомай, пракавечнай прыгажосці,

Якую гэтак доўга я шукаў...

Вітанне,

мной адкрытая краіна!

Я, стомлены самотай падарожнік,

Тут затрымаюся урэшце назаўсёды,

Каб бачыць, як штораніцы праменні

Спрачаюцца,

будзіць цябе ці не?..