epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Падатак

Балгарская балада. XVI стагоддзе

 

Галашэнне бабак, галашэнне матак —

Зборня панаехала адбіраць падатак.

 

Па ўсмешцы роднай — ад кожнага плачу,

Ад кожнае хаты — па гульні дзіцячай.

 

Па маленькай ручцы — ад кожнае міскі,

Па адной надзеі — ад кожнай калыскі.

 

Ад зямлі пакутнай — ды па хлебасею

Абыяка, звыкла беруць ліхадзеі...

 

Забірае зборня жудасны падатак,

Адбірае зборня ў матак немаўлятак.

 

Павязуць малых іх у зямлю чужую,

Дзе не так гавораць, дзе не так сумуюць.

 

Там дадуць адразу ім чужое імя:

Так прымусяць здрадзіць — без віны! — Радзіме.

 

А яшчэ навучаць ненавідзець люта

Бацькаўшчыну, дом свой, што даўно ў пакутах.

 

І яны прыедуць у свой край са зборняй,

І ад іх таксама сёлы жах агорне.

 

Можа, з іх каторы нат у свайго брата

Адбярэ падатак — кволых немаўлятак.