epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Пагоня

Славацкая балада. XVII стагоддзе

 

Аж задыхаліся двое —

Так улукаткі бягуць,

Не віжуючы дарогі,

Не шукаючы сцягу.

 

Людзі дзівяцца — не знаюць,

Каму трэба памагчы:

Ці таму, хто уцякае,

Ці таму, хто ўслед імчыць.

 

І рашаецца каторы:

Што тут доўга мудраваць,

Чалавек жа уцякае —

Памажы яму ўцякаць!

 

Даганялу дай падножку.

Але той, што ўслед бяжыць,

Плача:

— Ён жа ў маіх дзетак

Хлеб з рук вырве.

Памажы!

 

Значыць, іншаму падножку —

Хай зазнае сам багна!

Чалавек жа даганяе,

Памажы яму дагнаць.

 

Але й той пачаў прасіцца:

— Уцяку — і я жыву.

Калі ж ён мяне дагоніць —

Адсячэ мне галаву.

 

Паспрабуй тут разабрацца,

Што жыццё уткне яшчэ...

Памажы таму — дагоніць,

А другому — уцячэ.

 

І давалі людзі сцежку,

Саступалі ўсе на край.

— Уцякай жа хутка, хутка!

— Ты ж, як можаш, даганяй!

 

І не ведалі пакуль што,

Ачмурэлыя ад звад:

Хто ўцякае — той ахвяра,

Хто ўслед гоніцца — той кат.

 

А па даўняй завядзёнцы

Хто з-пад вісельні збяжыць,

Хто ад ката адаб’ецца,

Будзе век свабодны жыць.

 

Бег і клопат іх супольны,

Дай Бог вязню сілы шмат:

Уцячэ ён — стане вольны,

Але страціць працу кат.

 

Не ўцячэ — і у ката зноўку

Праца з’явіцца ў руках,

Будзе зноў ён сеч галовы,

Задушыўшы свой жа страх.

 

І бягуць, бядой з’яднаны,

Ва ўвесь дух, у дых увесь

Той, хто хоча жыць астацца

І хто хоча проста есць.

 

Напрамкі яны спяшаюць,

Нават плот для іх не плот...

Дай жа вязню ногі, Божа!

Спатыкніся, жываглот!

 

Бег слабее. Лес бліжэе —

Насалода для вачэй.

Вязень: скора, скора, скора...

Кат: хутчэй, хутчэй, хутчэй...

 

Першы ў лес, як зай, ускочыў

Паспрабуй яго знайдзі!

Кат жа ў полі спатыкнуўся...

Божа мой — ужо адзін!

 

І упаў ён, і заплакаў,

На ўвесь свет, як воўк, завыў

Бо чакалі хлеба дзеці,

Што апухлі ад травы!

 

Але ўсё ж такі і ў ката

Радасць тлелася: «Жыві!» —

Хоць і будзе ён без хлеба,

Але ж будзе й без крыві.

 

Мой шаноўны свет, віншую

Ад сягоння і навек:

Нарадзіўся у другі раз

Сын твой, свеце,— Чалавек!

 

А папраўдзе, дык абодва

Нарадзіліся ў бядзе:

Той, хто мусіў быў памерці,

Ды і той, хто жыць хацеў.