epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Пакаранне мёртвай

У старажытным Рыме нельга было караць смяротнай караю цнатлівых нявінніц: кат іх спачатку павінен быў зганьбаваць.

 

Цяпер ужо не страшна ёй памерці —

Яна чакае, як збавення, смерці.

І жудаснай апошняй цішыні

Не заўважае...

Сонца, час гані!

Хутчэй, хутчэй...

Апошні ранак, можа,

Забыць усё навечна ёй паможа:

І пальцы ката,

Што са спрытам спрута

Яе грудзей сціскаюць некранутасць,

Па чысціні бязгрэшнай смела шнараць,

Нібыта хочуць задушыць ахвяру,

А ад грудзей да шыі —

Гэтак блізка...

Адкуль у ката столькі пальцаў слізкіх?!

Забыць паможа той апошні ранак,

Як пахнуць губы катавы пагана —

Халодныя,

Нібыта жаба тая,

Што скача каля вуснаў.

Не збягае

Яна з тых вуснаў светлых, беззаганных,

Якіх і не рашыўся так каханы

Хоць дакрануцца...

А крывавы пах,

Якім збрыдзелы кат гэты прапах,—

Пах ліпкі, жудасны, пах бойні...

Хто можа удыхаць яго спакойна!

А кат сваю напружвае ахвоту,

А кат сваю выконвае работу,

Якая перад караю належыць...

І для яго няма ніякіх межаў:

Пасля таемнасці вялікай зачынання

Галовы ён сячэ без шкадавання...

Яна ж ляжыць —

Аціхлая такая.

Яна ўжо мёртвая,

Хаця яшчэ й жывая...

Калі ж караць яе кат павядзе,

Збярэцца, як заўсёды, шмат людзей,

Спалохана плебеі загудуць:

— Глядзіце,

Мёртвую на эшафот вядуць!

 

Хаця ісці яна будзе й сама...