epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Пакліч да зімы ў адведзіны..."

Пакліч

да зімы ў адведзіны,

Мая маўклівая дзедзіна,

Пачастуй мяне свежыною,

Пасядзі ля грубкі са мною —

Раскажы

свае даўнія былі ўсе,

Пра якія нашчадкі забыліся;

Каб акно,

ва ўзорах якое ўсё,

Мне здалося тваім слуцкім поясам

А промні,

ва ўзоры праніклыя,—

Залатымі затканымі ніткамі...

А затым

давай, мая дзедзіна,

Ў талаку з табою паедзем мы —

Ты ж за век свой набралася вопыту

Талакой вырашаць свае клопаты.

Я з табой,

мая ціхая дзедзіна,

Раскрычуся на снежных агледзінах,

На тваіх зімовых гулянках,

Дзе запрэжаны вецер у санкі,

Дзе ляціш —

не па ўзгорку крутому,

А па Шару зямному!

Гэта радасць снегу —

адвечная,

Першабытная,

чалавечая;

Пэўна, так весяліліся прашчуры,

І зіму, як зямлю сваю, лашчылі...

 

Хоць на дзень зімовых агледзінаў

Пакліч

да сябе мяне,

дзедзіна.