epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Паранены партызан

Я паўзу ўжо даўно па снезе,

І за мною — паўзе след даўгі.

Я ўлядзеў, абмарозіўся ў лесе...

Падпаліце снягі,

Падпаліце снягі!

 

Хай сняжынкі трашчаць, як ядловец,

Як лаўжы, хай сумёты гудуць.

За агнём —

чужаніцы не зловяць,

Што па следзе крывавым ідуць.

 

Ах, блакада — удаў валавокі!

Як твае нас сціскалі кругі.

Я адзін... Лес абмерзлы навокал—

Падпаліце снягі,

Падпаліце снягі.

 

Каля снежнага полымя сяду,

І сагрэўшыся каля агню,

І адзін я прарву блакаду,

І атрад свой адзін даганю!

 

За блакадай — сябры баявыя,

Партызанскія нашы сцягі...

А аўчаркі блізка так выюць...

Ну, паліце ж снягі,

Паліце... снягі...