epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Пасівела душа, пасівела..."

Пасівела душа, пасівела...

Дзе ж ты, коткая весняя радасць?

Зайздрасць нечая — зазімак белы

Атрасае лісты з майго саду.

 

І шукае завішна між лісця

Нечапаных пладоў пераспелых...

І дажджы мае быццам імглісцей,

І душа, як сады, пасівела.

 

Пасівела душа, пасівела

Ад балючай сяброўскай спагуды,

Што, здаецца, каб толькі прымела,—

За табой бы няславіла ўсюды.

 

А сняжынкі спяшаюцца збочыць,—

Мітусіцца завеіна злая,

Нібы сябра нядаўняга вочы,

Што цябе ў завуголлі аблаяў.

 

Ёсць такія — нічога святога,

Яны ўгразлі і ў плётках, і ў змане.

Не дай Бог вам дажыць да такога,

Калі сябра ваш ворагам стане.

 

Пасівела душа, пасівела,

Але ёсць і ў сівой свая радасць:

Гэты чысты спакой заінелы,

Гэта ціша зімовага саду...