epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Пажар у старажытным Полацку

В Полотске позвониша заутренюю у Светыя Софеи въ колоколы: а он въ Кыеве звонъ слыша.

 

«Слова аб палку Ігаравым»

Полымем раскалыханыя званы,

У Полацку

Кідаюцца ў агні яны,

Нібы жывыя,—

Ім цесна ў цеснаце званіц Званіць.

«Дапамажыце, людзі дарагія!

Хоць нечым...

Мы клічам вас на веча!»

А ў адказ, аглушаныя звонам

(Не адарвацца птушкам ад званіц!),

Крычаць, лятаючы ля іх, шалёна

І падаюць, як факелы, уніз...

У горадзе — адны званы.

А вораг тут, ля гарадской сцяны,

І чуцен звон ягоны:

Звіняць страмёны,

Мячы і дзіды звоняць...

Звіняць званы.

І плавяцца званы, бы воск.

І кропелькі — маленькія званочкі — у жар

Звіняць і падаюць,

І падаюць...

Бы скідвае на мёртвыя стагоддзі

Свой рэквіем пажар.

«Народзе, дзе ты, мой народзе!..»

Маўчаць, дымяцца ваяры.

Званы кідаюцца ўгары

І клічуць мёртвых зноў на веча...

 

Трымайцеся, званы! Пачуў вас...

Коней асядлаў...

Спяшае з Кіева дадому Усяслаў,—

Будзе сеча, будзе сеча...

 

Але пакуль

Ад агню паўсюль

Абараняюцца званы адны...