epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Пазім’е

Вось і ўсё... Адвірыла лета.

І квятоў, і лістоў нараджала.

Нібы дрэў, напрарошчвала промняў.

І з сабою ўсё гэта забрала.

 

Толькі вецер застаўся. Нахаба,

Бач, як гойсае ён між садамі!

І апошнія птушкі, зацёртыя,

Як ільдзінамі, халадамі.

 

Бы краты — карэнне ў глыбіні

Лезе, там цеплыні шукае.

І зямля — рахманая, сцішная...

Засынае ўсё, засынае...

 

А ў марозы, у цёплай хаце

Прачынаешся сам ад трывогі:

Ці не холадна рыбе ў рэчцы,

Ці не мерзнуць у руні ногі?