epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Пятля Кастуся Каліноўскага

Нялёгка быць вераўчанай пятлёю

І чакаць тваёй шыі, хлопча...

Лепей з табою я звозіла б сноп’е,—

Калёсы аж квокчуць, а мы на возе;

Снапы я, вяроўка, уціснула моцна,

Казыча калоссе — аж хочацца чыхнуць;

Я — лейцы таксама ў руках тваіх цёплых..

Нялёгка чакаць тваёй шыі, хлопча!

 

А магла б я радзіцца й абрусам,

Якія ткаў добра калісьці твой бацька.

Мяне б заслалі на стол святочны,

Пітвом і ядою мяне б пазаставілі,

І ўсе гулялі б да самае раніцы

Твае заручыны з чарнабровай Марысяй...

Страшна чакаць тваю шыю, хлопча!

 

Ці мала на што вам трэба вяроўка,—

Спачатку трымала б я вашу калыску,

А потым магла б зрабіцца і гушкалкай

Для вашых дзяцей. І яны б любілі

На мне гутатацца да самае столі,

А вы, іх калышучы, шчыра б смяяліся...

Жудасна абвіваць тваю шыю, хлопча...

 

А магла б я стаць і аборамі

Да лапцей тваіх. І з табой тады

Мы пайшлі б таптаць небасхілы

Гэтым вечным мужыцкім абуткам,

Гэтай вечнай мужыцкай праўдаю,—

І святло б мы выкралі ў ночы...

 

Скінь мяне з шыі, хлопча!

Памажыце хутчэй яму, выракі...

Памажыце хутчэй...

Памажыце...

 

Кляніце мяне, стагоддзі!

Кляніце,

Мяне кляніце!

Моц маю, людзі, кляніце!