epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Перад гільяцінай

 

Усе яны — ахвяры, і толькі адзін застанецца жыць.

— Значыць, вы сцвярджаеце, што кожны з вас — Правадыр, і Правадыр сапраўдны. А іншыя — несапраўдныя, салганыя. Ну, добра, напачатку паверым вам усім. Хоць і разумеем, што між вамі можа быць толькі адзін Вадар. Іншыя — хлусня, мана, падман, і з імі разбярэцца пасля гільяціна. Дык хто ж сярод вас бясспрэчны? — Вярхоўны Суддзя абвёў усіх учэпістым, дапытлівым позіркам, потым замоўк, задумаўся. — Панове, — неўзабаве прахапіўся, як прачнуўся, ён. — Вось перад вамі дзяржаўны сейф. Ключ ад яго, як вы ведаеце, будзе толькі ў Сапраўднага Правадыра...

«Нарэшце! З гэтага і трэба было пачынаць! — Бясспрэчны Правадыр аж затрымцеў ад радаснага хвалявання і ў нецярпенні сціснуў у кішэні ключ ад сейфа, ды так моцна, што той умомант зрабіўся мокры ад спацелай рукі. — Ну, ну, нікчэмныя самазванцы, пакажыце, а што маеце вы?»

І сам таропка, спяшаючыся, выхапіў з кішэні сапраўдны ключ.

Якое ж яго было здзіўленне, калі такія самыя ключы падаставалі і ўсе астатнія Правадыры-самазванцы. А Вярхоўны Суддзя не здзівіўся — спакойным голасам ён вёў дазнанне далей:

— А зараз хто з вас адамкне сейф?

Сапраўдны Правадыр быў перакананы, што зрабіць гэта зможа толькі ён адзін, і таму зараз ужо не спяшаўся да сейфа. З паблажлівай усмешкаю глядзеў на тых, хто, нецярпліва сарваўшыся з месца, кінуўся да замкоў, загадзя выстаўляючы наперад рукі з ключамі, — уяўляў, як яны, не адамкнуўшы, расчараваныя і спалоханыя, у адчаі, з жахам будуць адыходзіцца ўбок.

Але першы ж самазванец лёгка і проста адчыніў і зачыніў зноў ягоны — ягоны! — сейф. Правадыры па чарзе, а то і без чаргі падыходзілі і без лішняга клопату адмыкалі і замыкалі замкі — адно толькі весела ляскалі дзверцы. Тады Сапраўдны не на жарт спалохаўся — а што, калі раптам ключы падмянілі, і гэтым, сваім, які лічыць праўдзівым, ён сам нічога не зможа адчыніць? — і з усіх ног, распіхваючы самазванцаў у бакі, пабег да сейфа. Недарэчы ўспомніў пра гільяціну і таму дрыжачымі рукамі, усё ніяк не трапляючы, доўга не мог уставіць ключ у адтуліну. Не, сейф і яму, як і іншым, таксама адчыніўся лёгка і хутка. Ён, узрадавана ляснуўшы дзверцамі, зачыніў яго і выцер з ілба халодны пот — значыць, пакуль што гільяціна чакае не яго.

Дзіўна, з гэткай жа самай лёгкасцю адчынялі і зачынялі сейф амаль усе. Праўда, некалькі самазванцаў, доўга і марна поркаючыся, так і не змаглі даць яму рады. Іх адразу ж ачапілі стражнікі з алебардамі і кудысьці павялі — хутчэй за ўсё на гільяціну: маўляў, а што тут чакаць, чаго разбірацца, калі зараз усё і так зразумела.

Прэтэндэнтаў на бясспрэчнага Правадыра паменела, але іх усё роўна аставалася яшчэ мнагавата, і таму высвятленне ісціны было пакуль што наперадзе.

Адкуль з’явілася ў дзяржаве столькі Правадыроў?

На Краіну Правадыра нечакана напалі моцныя, узброеныя да зубоў, ворагі. Яны, асабліва не разбіраючыся, бамбілі і абстрэльвалі ўсё спрытна: дзіцячыя сады і ваенныя заводы, жылыя раёны і аэрадромы, бамбасховішчы і атамныя электрастанцыі. І асабліва палявалі за Правадыром. Уся відомая і невідомая, уся звычайная і незвычайная, электронная, разведка была скіравана на тое, каб высачыць яго і знішчыць. Усе шматлікія бетаніраваныя бункеры былі пад пільным наглядам: чакалі, у якім ён з’явіцца.

Вось тады яму самому і прыйшла ў галаву такая небяспечная, як на сённяшні розум, думка — знайсці падобных на сябе людзей і засяліць гэтымі двайнікамі ўсе свае бункеры: паспрабуй разбярыся, у якім знаходзіцца ён, Сапраўдны. Пасабралі з усёй краіны падобных і тварам, і целам людзей, апранулі іх, як Правадыра, у каго была барада — пагалілі, у каго не было вусоў — наклеілі, і вось ужо адзін з іх сустракаецца з доблеснымі войскамі, другі выступае па тэлебачанні, трэці — прымае замежных дыпламатаў. Двайнікі хадзілі і ездзілі смялей, іх спецслужбы маглі лёгка забіць, але не рабілі гэтага, бо патрэбен ім быў толькі Сапраўдны Правадыр.

Можа, дзякуючы і гэтай хітрасці, яны ўсё ж перамаглі ворагаў. Аднак жаданая перамога не радавала яго так, як хацелася б — самазванцы менавіта ў мірны час пачалі сеяць смуту.

Двайнікі так папрывыкалі да сваёй ролі, што ўжо кожны з іх напраўду лічыў сябе Правадыром. Правёўшы, да прыкладу, нараду ў генеральным штабе ці сустрэўшыся з замежнымі дыпламатамі, хто, скажыце, не паверыць, што ён і ёсць Сапраўдны Правадыр? У мітусні і хаосе нялёгкіх дзён ці то па яго віне, ці то па віне тых, хто павінен быў сачыць за гэтым, раптам сама сабою знікла мяжа паміж ім і двайнікамі, і ўжо нават ахова пачала блытацца, у якім бункеры знаходзіцца Сапраўдны, а дзе — яго заменнікі. Гэта дало ўпэўненасці самазванцам, і зараз ужо кожны з іх нахабна, пагардліва сцвярджаў, што Сапраўдны — толькі ён, а ўсіх астатніх трэба адразу ж арыштаваць і абясшкодзіць, бо яны не даюць Правадыру нармальна спраўляць свае штодзённыя дзяржаўныя абавязкі.

Вось тады і сабраўся гэты паважаны суд, каб высветліць праўду, а ён, Адзіны і Бясспрэчны, апынуўся ў турме — разам з самазванцамі, сутыкнуўся з тым жа, што і да іх, недаверам.

Пасля няўдачы з сейфам, на які вельмі ж ужо разлічваў Вярхоўны Суддзя і які, шчыра кажучы, павінен быў адразу ўсё паставіць на сваё месца — ключ, маўляў, адзін, і ён знаходзіцца ў сапраўднага Правадыра — сітуацыя ўскладнілася: доказы знікаюць, а самазванцы астаюцца нявыкрытыя.

Зараз час уступаў у свой незвычайны адлік, дзе ніхто нікому не верыць і ніхто нікога не ратуе.

Шаноўны суд вырашыў на вочную стаўку па адным выклікаць усіх міністраў, а таксама іншых чыноўнікаў з акружэння Правадыра — хто, як не яны, лепей за ўсё ведаюць яго і станоўчыя і адмоўныя якасці! Сапраўдны ўважліва глядзеў ім у вочы, хацеў убачыць у іх ранейшую ліслівасць, адданасць, дагодлівасць, але тыя праходзілі паўз яго, не ўшанаваўшы нават самым звычайным позіркам, ужо не кажучы пра ўвагу. Адзін з іх, здаецца, міністр культуры, пайшоў быў у ягоны бок, але ўбачыўшы шырокую, шчырую і прыязную ўсмешку, адразу ж павярнуўся і рушыў да нейкага самазванца — не, маўляў, гэта не Правадыр, бо ў Правадыра ён ніколі не бачыў такой усмешкі: Яснавяльможны звычайна прымаў міністра культуры незадаволены, раздражнёны, злосны — маўляў, і гэты яшчэ на такое глупства, як культура, грошы просіць...

Правадыр зразумеў сваю памылку, але выправіць яе зараз ужо не было ніякай магчымасці — усмешку ж назад не вернеш.

Ён, неспазнаны, спахмурнеў. Такіх было многа. Аднак, на радасць, тых, каго не заўважыў ніводзін міністр, дзякаваць богу, пакуль што не выводзілі стражнікі — міністры маглі памыліцца, тым болей што ролі іхнія зараз памяняліся: раней яны былі толькі просьбітамі, а зараз іх саміх просяць спазнаць вунь колькі Правадыроў адразу!

Прывезлі ў бункер дзяцей Сапраўднага. Яны, заўсёды ўпэўненыя, шумныя і гарэзлівыя, зараз няёмка і спалохана ціснуліся адно да аднаго, нібыта яны і не дзеці Правадыра: перад імі гэтулькі татаў, а сярод іх трэба выбраць толькі аднаго, роднага. Усе таты ў вайсковай форме, а гэтая форма і так усіх робіць падобнымі адзін на аднаго, а тут яшчэ двайнікі...

Якая цяжкая адказнасць звалілася на дзіцячыя плечы! Доўга дзеткі разглядалі татаў, доўга вывучалі іх, але ніяк не маглі адважыцца падысці да каго-небудзь. І ўсё ж спачатку нясмела, а затым усё жвавей і жвавей знайшлі розных татаў: кожны аблюбаваў свайго, і ніводзін — бог мой, за што караеш! — не выбраў яго, сапраўднага. Нават старэйшы, які ўсё прынюхваўся,— ён сам пачынаў курыць, і яму вельмі падабаўся пах табакі з бацькавай піпачкі — нічога не пачуў і таму выбраў зусім іншага чалавека. А Сапраўдны Тата зараз з крыўдаю і зайздрасцю глядзеў, як самазванцы трымалі на руках і каленях яго дзяцей, як лашчылі іх, гладзілі па галоўках, як тыя даверліва, пяшчотна туліліся да чужых дзядзькоў, і ў яго душы спеў бунт: «Я, я, нягоднікі, Сапраўдны Правадыр! Навошта вы прыкідваецеся, што не ведаеце гэтага?!» Яму хацелася кінуцца на самазванцаў — несумленных і хцівых, — пабіць іх, пакалашмаціць, спаўна сплаціўшы за абразу, адабраць дзяцей, параскідаць суддзяў, прыгразіўшы ім самім гільяцінаю, але ён, напружваючыся ўвесь, як струна, стрымліваў сябе: за спіною стаялі стражнікі з алебардамі — самі яны вопытныя, сякеры ў іх, ён ведаў, наточаныя, адно махне ёю — і няма галавы.

Самае апошняе слова пакідалі за жонкаю — яна ж ведае мужа і, вядома, не памыліцца!

Жонка ўвайшла і гэтак жа, як і дзеці, разгубілася: столькі мужоў і сярод іх трэба выбраць сапраўднага, аднаго.

Вярхоўны Суддзя дазволіў Правадырцы задаваць Правадырам пытанні. І Сапраўднаму гэта спадабалася — канечне, лепей яго ніхто не зможа адказаць на жончыны пытанні!

І яна пачала як быццам бы допыт:

— У сапраўднага Правадыра пад левым саском павінна быць бародаўка.

Ён ужо зноў злараднічаў, прадчуваючы перамогу: ну, ну, пакажыце, крывадушнікі, свае бародаўкі!

Але ўсе самазванцы з ахвотаю паднялі вайсковыя сарочкі і выставілі напаказ левыя саскі. О божа! Ва ўсіх пад саскамі былі такія ж, як і ў яго, бародаўкі!

Здаецца, здзівіўся не толькі ён, але і яна.

— А як мой муж дзякаваў мне за абед?

«Знайшла што пытаць!» — раззлаваўся на жонку Правадыр. Тут ён быў такі ж неарыгінальны, як і ўсё чалавецтва. Хіба цяжка здагадацца? Ды і чулі ж, напэўна, многія...

І праўда, усе дружным хорам адказалі: «Дзякуй за абед, што пад’еў дармаед».

Жонка разгубілася і ўжо не ведала, пра што пытацца далей. Ёй падказаў Вярхоўны Суддзя:

— Ну, а можа, што-небудзь інтымнае, са спальні.

Правадырка спачатку зачырванелася, а затым пацішэлым голасам спыталася:

— А як клікаў мяне муж да сябе?

І раптам увесь бункер аж скалануўся ад салаўінага пошчаку. Здавалася, што ўсё гэта адбываецца не тут, у цесным каменным мяшку, а недзе над рэчкаю, вясною, у вольным салаўіным царстве.

Было ў Правадыра і праўда такое дзівацтва: на ложа кахання клікаў ён жонку салаўінаю песняю. Але адкуль яны гэта ведаюць?! Няхай у сталовай іх нехта мог падслухаць, а ў спальні ж, ён спадзяваўся, яны былі толькі сам-насам. Няўжо ўсе гэтыя самазванцы былі ў яго спальні?!

Ад такой думкі Правадыра кінула ў холад. А можа, ад таго, што ён зразумеў: гэта ўсё, гэта канец — жывому з гэтага абсурду яму не выбрацца.

Праўда, крыху з’явілася надзея, калі Вярхоўны Суддзя прапанаваў Правадырцы падысці да мужчын бліжэй і ўважліва іх разгледзець. Калі жонка стаяла каля яго, ён умольна глядзеў у такія родныя, такія блізкія, такія свае вочы і спадзяваўся, нават верыў, што зараз жонка яго пазнае — столькі ж яна абдымала і цалавала «свайго Правадырочка»! — але тая некалькі разоў прайшла побач, як чужая, і яе позірк амаль зусім не затрымаўся на ім. Адзін раз, праўда, яму нават здалося, што жонка пазнала Сапраўднага, ён хацеў кінуцца да яе і ўжо закрычаў: «Гэта ж я! Гэта ж я!», але тут жа ўсе астатнія самазванцы таксама залямантавалі: «Гэта ж я! Гэта ж я!», і яна спалохана адхіснулася ад яго і пайшла, як пабегла, далей.

— Глядзіце ўважліва, — спакойным голасам папярэджваў жанчыну Вярхоўны Суддзя. — Не спяшайцеся. Ваша слова — апошняе. Каго вы выбераце, той і будзе Сапраўдным Правадыром.

Некалькі разоў яшчэ яна моўчкі праходзіла каля Правадыроў, пільна ўглядаючыся ў твары.

Нарэшце шчасліва кінулася аднаму з іх на шыю:

— Любы мой, родны мой, дарагі мой! Я рада, што хоць напаследак пазнала цябе!..

Яна лашчыла яго бровы, цалавала ў вусны, гладзіла па валасах.

Самазванец, якога прызнала Правадырка за мужа, стаяў праз чалавека ад Сапраўднага Правадыра. Яснавяльможны зразумеў, што вось гэта ўжо напраўду ўсё — ён адчуў нават на сваёй шыі вострахалодны дотык нажа гільяціны.

— О сучка! — моцна, у адчаі вылаяўся ён.

Жонка нехаця адарвалася ад Самазванца, павярнулася да Вярхоўнага Суддзі і сказала:

— А мой муж, дарэчы, ніколі не лаяўся. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што я не памылілася.

Правадыр, абражаны і няўцешны, памкнуўся быў наперад, каб задушыць нягодніцу сваімі рукамі, але перад вачыма з двух бакоў неспадзеўкі з’явіліся дзве востразаточаныя алебарды стражнікаў, і ён застаўся стаяць на месцы.

— За што ты мяне так?! — прастагнаў Сапраўдны, але Правадырка, лашчачы Самазванца, якога яна толькі што зрабіла Правадыром, не пачула гэтага.

Іх, усіх астатніх, ачапілі стражнікі і павялі яшчэ ніжэй, у падзямелле — чакаць, калі падрыхтуюць гільяціну.

Вайна скончылася, і мірнаму часу зноў патрэбен быў толькі адзін Правадыр.

Сапраўдны і ў падзямеллі яшчэ спрабаваў пратэставаць, колькі разоў азвярэла грукаў кулакамі і нагамі ў моцныя дзверы камеры, крычаў: «Я, я Сапраўдны Правадыр», але на яго ўжо ніхто не звяртаў увагі — наглядчык адчыніў быў вочка, зірнуў у яго і зноў моўчкі зачыніў: крычы сабе тут колькі ўлезе, ніхто цябе ўжо не пачуе.

Яго лёс і час апынуўся зараз нібыта ў нейкай парожняй, глухой прасторы, дзе ўжо ніхто нікога не чуе і ніхто нікому не патрэбен.

Жывым з мёртвымі не па дарозе. Хоць мёртвыя пакуль што яшчэ і жывыя. А жывыя — ужо мёртвыя.

Цела, якое аднойчы ўкралі жывыя, — таксама мёртвае, і ў другі раз яно не можа памерці.

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 90-94
Крыніца: скан