epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Пералёт дажджу

Калі дажджуеш у самоце

Пад шэпт суцішаны дажджын,

Здаецца, з імі ты ў палёце,

А не вось тут — адзін, адзін.

 

Здаецца, з імі — ёсць патрэба! —

Ляціш, вяртаешся здаля

З халоднае краіны Неба

Ў краіну цёплую — Зямля.

 

Вяртаешся дамоў, як птушкі,

Ляціш, як вырай, на сады;

І вольным лётам пазагушканы,

Вясеннім небам пахнеш ты.

 

Дажджыны шэпчуцца наўкола,

Паспешна крыллем шапацяць.

А з імі ты ляціш, вясёлы,

Да ніў — зялёнага жыцця.

 

Спяшаюць з выраю дажджыны

У земляны, вясновы пах;

Хто зачапіўся за травіну,

Хто, бы ў калыску, ў ліст упаў.

 

Дурэюць, лашчацца малечы,

Куляюцца ў траве сваёй...

Бо ўсе мы радыя сустрэчы

З ласкавай, роднаю зямлёй.

 

І ўсё ж дажджынак шэпт трывожыць,

На іх спакусліва глядзець,

Калі ляцець ты ўжо не можаш,

Калі так хочацца ляцець...