epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Перамога

Берлін яшчэ дыміўся і смуродзіў,

І гарам пах — і зблізку і здаля,

А недзе на радзіме, як на сподзіў,

Зямлёй — і толькі! — пахла ўжо зямля.

 

Сяўба, сяўба там! Беляць лемеш гоні.

Ралля халодзіць ногі. Цешыць пот...

Здалося, заіржалі нават коні

З тых Брандэнбургскіх здымленых варот.

 

І гар перабіваючы, і порах,

Раллёй гарматы ўпахлі, як плугі.

Салдаты разумелі: скора, скора

Падсцелюцца пад ногі ім лугі.

 

Глядзелі з прагай на жалезных коней,

І «косю, косю» грэлася — як пах.

І так свярбелі з несцерпу далоні,—

Нібыта лейцы — вось яны! — ў руках...