epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Перасяленцы

Яны даўно тайгу сваёю лічаць

І маразы, як хату, абжылі,

Мядзведзя, што чамусьці любіць

Пасвіцца з каровамі ціхмяна,

Без боязі ад статка адлучаюць...

А дзеці —

Белагаловыя, як лён, сібіраняты —

У кедравай распараныя лазні,

Нібы глушцы, куляюцца ў сумёты —

Аж снежныя ўзрываюцца фантаны!

А іх бацькі і ціхія дзяды

Босыя пракладваюць сцяжынкі

Па цаліку — ад лазні да двара.

Сапраўдныя сібіракі!

І толькі ў хаце

Іх выдаюць старэнькія цымбалы,

Дзе струны,

быццам правады

Над доўгаю дарогаю ў край той,

Адкуль сюды

Прыйшлі яны

Даўно...