epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Перавернуты

 

Вярнуўся Бяляй дадому дужа позна, недзе апоўначы.

Вазіў на льнозавод трасту, а там такія чэргі, такія парадкі, што каб троху не паварушыўся сам, то хутчэй за ўсё давялося б неразгружанаму і начаваць у кабіне.

Спыніў перад сваімі варотамі машыну, зірнуў на вокны — яны былі цёмныя: значыць, жонка і дзеці ўжо спалі.

Звычайна, калі прыязджаў позна, Агнежка, захінуўшыся ў што-небудзь, выходзіла на ганак, каб сустрэць яго, але сёння ён такой ласкі ад яе не чакаў: раніцою яны не вельмі каб сур’ёзна, але ўсё ж крыху пасварыліся, і жонка, канечне ж, не выйдзе, прынцыпова зробіць выгляд, што спіць.

Яму таксама не хацелася вылазіць з машыны і ісці дадому — уяўляў, як сонная Агнежка пачне нехаця адмыкаць замкі, адсоўваць запоры, здымаць крукі, а потым, зрабіўшы ўсё гэта, абыякава кінуўшы: «Вячэра на стале», незадаволена пойдзе ў спальню.

І яшчэ яму чамусьці здавалася, што сёння нешта абавязкова павінна здарыцца, і ён чакаў гэтага з трывогаю і нецярпеннем — хацелася, каб яно, калі мае адбыцца, адбылося як мага хутчэй.

Такое з ім здаралася і раней, а таму ні жуду, ні адчаю, якія міжволі скавалі яго ў першы раз, зараз ужо не было. Былі цікавасць і напружанасць, былі неспакой і чаканне.

Пасля цяжкой дарогі яго хіліла ў сон, але Бяляй разумеў, што не толькі дарога з’яўляецца прычынаю яго санлівасці. Паклаў галаву на рукі, што ўсё яшчэ былі на рулі, і пачаў прыслухоўвацца, як яно набліжаецца.

Усё цела яго трымцела, хвалявалася, вібрыравала, яму было балюча і прыемна, да горла падкочвалася млосць, ён адчуў, што траціць прытомнасць і некуды правальваецца. Добра, што ў самы апошні час паспеў яшчэ рукою адчыніць дзверцы кабіны, з якой ужо на ўсе чатыры лапы мякка выскачыў воўк.

Воўк тут жа ля кабіны атросся, нібыта ён доўга быў пад дажджом, пакруціў ва ўсе бакі галавою, наставіўшы вушы, панюхаў паветра і паволі, асабліва не спяшаючыся, пабег загуменнямі ў бок недалёкага лесу.

Сваю гайню ён сустрэў на самым узлеску: ваўкі якраз ішлі на паляванне. Ціха і спакойна далучыўся да іх, ды і яны, здаецца, не звярнулі на гэта ніякай увагі — ну, далучыўся дык і далучыўся, хай сабе бяжыць.

Ваўкі якраз спяшаліся ў бок вёскі. Бяляй усё стараўся бегчы не з падветранага боку — амаль суткі правёўшы ў кабіне, ведаў, што пахне бензінам, і асцерагаўся, каб ваўкі не ўнюхалі гэты пах.

Пачаўся нудны восеньскі дождж. Ён імжэў на мокрую ўжо шэрсць, але ваўкам гэта, здаецца, падабалася: яны інстынктыўна адчувалі, што ў такую глухую поўнач, у такі шапатлівы дождж людзям дужа добра спіцца.

Ён бег між ваўкамі — як свой сярод сваіх — і думаў, на чый падворак заявіцца сёння гэтая ваўчыная гайня?

Гайня завярнула да ягоных хлявоў.

Важак ужо на Бяляевай пожні спыніўся, падняў галаву, уважліва, пільна ўгледзеўся ў машыну, якая стаяла каля хаты, насцярожана ўслухаўся ў начную цішыню і, нічога падазронага не пачуўшы — нідзе нішто не бразгала, нідзе ніхто не гаманіў, — супакоіўся, апусціў галаву і патрусіў да хлява, дзе былі авечкі, — быццам ён ведаў, быццам яму ўжо нехта сказаў, што яны менавіта там.

За ім пабеглі і ўсе астатнія.

Бяляй падсвядома, яшчэ па чалавечай звычцы, кінуўся важаку напярэймы — трэба ж абараняць сваё дабро, — але той так ашчэрыўся, што ваўкалак завіляў хвастом і саступіў з дарогі.

Ваўкі падышлі да сцяны з глухога, тыльнага боку, зноў услухаліся і агледзеліся, а затым дружна ўзяліся падкопвацца пад бёрны.

Пачуўшы іх дух, заварушыліся, забегалі па хляве авечкі.

Бяляй быў у роспачы, што ён сам, на сваім падворку не можа нічым памагчы сваёй жа скаціне.

Убачыўшы, што ваўкі вельмі ж ужо шчыра пярэднімі лапамі выграбаюць зямлю з-пад сцяны, ён абабег свае хлявы, прашчаміўся праз згароду і пачаў знарок шумна, за ўсё чапляючыся, каб нарабіць грукату, бегаць па двары, — а раптам прачнецца жонка, выйдзе з хаты і дапаможа яму ратаваць авечак.

Ён нават станавіўся лапамі на сцяну і заглядаў у акно, нават узбягаў на ганак і шкробся, грукаўся ў сенечныя дзверы, але Агнежка так і не выйшла.

Тады ён зноў пабег да гайні, спадзеючыся, што, можа, хоць там яму ўдасца нешта выратаваць.

Ваўкі ўжо даволі-такі глыбока падкапаліся пад сцяну. Яны лёгка руйнавалі тое, што яму, гаспадару, здавалася вечным і непрыступным.

Гэтым хлеўчуком для авечак ён займаўся зусім нядаўна. Пабудаваў сабе новую лазеньку, а са старой зрабіў вось гэты катух для авечак.

Жонка, калі ён толькі збіраўся складаць будову па-новаму, прасіла зрабіць пад яе моцны цэментны падмурак, каб не падкапаліся ваўкі, і ён толькі адмахнуўся:

— Кінь ты! Якія ў нас ваўкі?! А калі хочаш, я для іх нешта іншае прыдумаю.

Бяляй выкапаў тады траншэю паўз адкрытую навонкі сцяну, накідаў туды камянёў, наўтыкаў вострых калоў, наламаў калючага дроту, наставіў дошчачак з панабіванымі ў іх цвікамі — і гэта рабіў на ўсякі выпадак, бо ваўкоў, ён ведаў, у іх лясах ужо ніхто даўно не сустракаў.

І зараз сам, на свае вочы бачыў, як лёгка паддаюцца ваўчынай настойлівасці яго ўмацаванні: ваўкі выграбалі каменне, выкідалі калючы дрот, і толькі калі калолі лапы цвікамі ў дошчачках, незадаволена, але ціха скуголілі — баяліся, каб не пабудзіць усю вёску.

Зрэшты, і дошчачкі з цвікамі неўзабаве асцярожна выграбаліся з падкопу.

Калі пралаз ужо быў гатовы, у яго, пластаючыся да самай зямлі, выгінаючыся пад ніжнім бервяном, палезлі першыя смелякі.

У хлеўчуку шум і валтузня павялічыліся. Авечкі, чуючы ваўкоў зусім блізка, асуджана мітусіліся, відаць, натыкаючыся адна на адну.

І вось тут і ім апанавала звычайнае пачуццё ваўчынай эйфарыі — ён і сам стрымгалоў кінуўся ў нару, каб як найхутчэй улезці ў свой жа хлеў і далучыцца да агульнага — нядаўна яшчэ чужога яму —

азарту.

Ваўкі па ўсім хляве, з кута ў кут, ганялі авечак. Адна авечка міжволі трапілася яму пад лапы, і ён, здаецца, адразу ж, не задумваючыся, задушыў яе насмерць.

Зараз Бяляй быў такі ж, як і ўсе. Яму нават здавалася, што ўсё гэта адбываецца не з ім, што тут сапраўды разбойнічае, лютуе воўк, які ніколі не быў чалавекам. Бяляй разам з усімі ганяў па хляве сваіх авечак, пакуль не стала зусім ціха — відаць, не засталося ў катуху ніводнай жывой душы.

Па сваёй ваўчынай завядзёнцы, якой няўхільна пільнавалася гайня, кожны, хто што злавіў, задушыў, той і павінен несці набытак да логава. Спакойна, не шчэмячыся асабліва, яны, разабраўшы парэзаных авечак, вылезлі з хлява праз той жа самы пралаз. Выцягнуў і ён сваю ахвяру — праўда, здаецца, яму трапілася чужая: яна была цяжэйшая і яшчэ, мусіць, жывая, бо трапяталася і час ад часу ўздрыгвала.

Паўскідалі авечак на спіны і зноў жа, не спяшаючыся, патрухалі, парупіліся да лесу.

Ускінуў і ён сваю і, яшчэ ўзбуджаны ад палявання, разам з усімі шыбаваў з вёскі — авечка і праўда была жывая, бо яна колькі разоў спрабавала ссунуцца са спіны.

Ягоная авечка, хоць і прыдушаная, хацела ўратавацца! Яна была, відаць, не з даверлівых і цікаўных. А як дураць іх ваўкі, выкарыстоўваючы гэтыя авечыя слабасці! Ён сам, яшчэ чалавекам, бачыў, як падманваў аднаго разу воўк цэлы статак дурніц. Улез у нейкую яміну, а тады галаву высуне, пакажацца і зноў схаваецца, высуне — і схаваецца. Глядзелі авечкі, галовы пазадраўшы, на гэта дзіва, глядзелі, а тады ўсім статкам — выбірай любую! — і пайшлі ваўку ў лапы — цікава было паглядзець, што гэта там такое матляецца...

Недзе па дарозе ваўчыная эйфарыя ў яго пачала праходзіць. Ён міжволі, сам таго не чакаючы, па-чалавечы задумаўся: дык гэта ж я нясу сваю авечку ў лес ваўкам! Сам! На сваёй спіне! Трымаю яе сваімі ж зубамі і баюся, каб яна не звалілася!

Глупства нейкае!

Бяляй, як зацкаваны, азірнуўся па баках, крыху адстаў ад гайні, зваліў авечку пад куст — у надзеі, што прыйдзе потым, забярэ яе чалавекам, і ўлегцы дагнаў ваўкоў. І ў той жа час да яго падбег Важак, балюча схапіў клыкамі за шыю — ён адчуваў: да крыві, — Бяляй ведаў, за што, і таму, не супраціўляючыся, вярнуўся да авечкі, узваліў яе зноў на спіну і пацёгся да астатніх. Зараз ужо Важак пільна сачыў за ім — два цвічкі-вокі калюча, не міргаючы, увесь час глядзелі ў яго бок.

І калі ў лесе ваўкі смачна піравалі, аб’ядаючыся авечкамі, сам ён нічога не еў. Сядзеў убаку на хвасце і, выставіўшы наперад лапы, толькі абыякава назіраў, як бязлітасныя клыкі прагна разрываюць на кавалкі тое, што яшчэ нядаўна было ягонаю скацежаю.

Яму ж чамусьці вось зараз, гэтую хвіліну, заманулася ў вёску, захацелася паглядзець на свой зруйнаваны хлеў, і ён, бачачы, што ўсе заняты ежаю — нават Важак не сачыў за ім — і на яго знікненне ніхто не зверне ніякай увагі, паволі, нюхаючы зямлю, пабег з лесу.

Дарога аж да самага дому пахла авечкамі і ваўкамі. Прыбегшы на сваю пожню, ён, як і Важак, агледзеўся, услухаўся, правёў насцярожаным позіркам па машыне — ці няма ля яе каго? — і толькі пасля гэтага патрухаў да падкопу. Чамусьці здавалася, што ваўкі падушылі не ўсіх авечак, што хоць адно якое ягнятка дзе-небудзь зашылася, захавалася, збераглося і засталося жывое. Каб убачыць гэта на свае вочы, ён нецярпліва палез у пралаз.

Але на гэты раз падкоп здаўся зусім вузкім — галава ў яго ўвайшла, а плечы не пралазілі. Колькі ён ні пластаваўся, колькі ні выгінаўся, улезці ў хлеў ніяк не ўдавалася.

Бяляй выцягнуў з нары галаву і падняўся на ногі. Памацаў рукамі плечы і зразумеў, чаму не пралез у падкоп.

Ён зноў перавярнуўся ў чалавека.

Абтросся ад зямлі, памацаў шыю: яна саднела — ці то ён садраў яе вось зараз, калі стараўся пралезці ў хлеў, ці то гэтая рана асталася ад клыкоў Важака...

Падышоў да машыны. Дзверцы ўсё яшчэ былі расчыненыя. Ён, моцна хляпнуўшы, зачыніў іх. І тут жа, як усё роўна яна чакала гэтага груку, выбегла на ганак жонка.

— Дзе гэта ты ходзіш?

— А што здарылася?

— Паглядзі вунь у хляве, што здарылася. Ваўкі ўсіх тваіх авечак павыцягвалі!

Ён паглядзеў — хлеў быў адамкнёны: значыць, яна ўжо бегала туды і ўсё бачыла.

Агнежка галасіла.

— Ды ўсіх-усіх падушылі, ірады. Нават ягнятак.

— А чаму ж ты не выскачыла?

— Я чула, што авечкі нешта тупацяць і хвалююцца, але думала, гэта ты ў хляве што робіш. І ў сенцы нехта шкробся, а я зноў жа чакала, што гэта ты клямку шукаеш, — яна задумалася, відаць, успамінаючы ўсё, што было перад гэтым. — А ведаеш, і ў акно, здаецца, нейкі сабака глядзеў — пэўна, гэта воўк і быў...

Жонка раптам як асеклася ўсё роўна і падазрона прынюхалася.

— Слухай, а ты ў хляве з ваўкамі часам не быў? — спалохана спыталася яна. — Ты ж дужа нейкаю псінаю пахнеш...

Пры гэтых словах ён непрыемна скалануўся — аж зімна стала скуры: а можа, яна ўсё ведае?!

Але пераадолеў свой спалох, узяў сябе ў рукі і як можна спакайней сказаў:

— Выдумляеш ты абы-што...

— Не, не выдумляю. Ты і праўда пахнеш ваўкамі, і авечкамі.

— Кінь, Агнежка, супакойся. Ты проста злякнулася, дык табе зараз усё ваўкамі пахне.

Яна крыху паспакайнела.

— Дык жа ягнятак шкада...

— Канечне, шкада. Але ж толькі шкадаваннем авечкам не паможаш. Новых завядзём.

— Дык яны ж, крывапіўцы, і новых выцягнуць.

— Не бойся. Зараз мы ўжо так умацуемся, што не выцягнуць, — і сам сабе падумаў, што цяпер ён ужо ведае, як абараніцца ад ваўкоў.

Жонка падышла да яго бліжэй, паклала галаву на плячо, прыхінулася. Убачыла, хоць ён і затуляўся, ранку на шыі, ласкава дакранулася да яе далонню:

— А што гэта ў цябе за кроў водзека?

— Мусіць, дзверцамі машыны садраў. Ідзі, Агнежка, спаць.

— І ты хадзі.

— Зараз і я прыйду.

Успомніў, што на льнозаводзе купіў дзецям цукерак, вярнуўся да машыны, забраў іх і вельмі павольна пайшоў услед за жонкаю.

Ад гэтага часу ён пачаў ужо думаць, як адпомсціць ваўкам, якія гэтак зняважылі і абразілі яго: прывялі чалавека на свой падворак і ў сваім жа хляве змусілі душыць сваіх жа авечак...

Толькі не ведаў, калі гэта лепей зрабіць. Цяпер, як ён стаў чалавекам, ці тады, калі зноў перавернецца ваўком.

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 136-140
Крыніца: скан