epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Пластылінавыя людзі

 

Было мулка спіне, хацелася паварушыцца, павярнуцца на бок, але зрабіць гэта ён не мог. Знямелі, зацяклі рукі, іх таксама хацелася выпрастаць, выцягнуць, размяць, каб аж затрашчалі ў суставах, але і такое было яму не па сіле. Нейкі дзівакаваты, блазенскі картуз, які сілаю надзелі яму на галаву — здаецца, іх знарок рабілі нехлямяжымі, — насунуўся на самыя вочы, аднак паправіць яго таксама было немагчыма.

Скасіў позірк, агледзеўся з-пад картуза.

Навакол, як заўсёды, былі такія ж, як і ён, людзі. Толькі зараз чамусьці звярнуў увагу, што тут усе ляжаць і ніхто не сядзіць, тым больш не стаіць — быццам нехта баіцца: а што, калі раптам усе яны пастануць на ногі, нешта ўбачаць і зразумеюць, — іх жа тады ніхто ўжо не зможа ўтрымаць у пакоры і ціхамірнасці.

Побач хадзілі іншыя, жывыя, рухомыя, незразумелыя ім людзі, яны гучна гаварылі, яшчэ гучней смяяліся, але ўсё гэта абмінала тых, хто ляжаў: яны нічога не чулі, бо былі занятыя толькі сваёй, таксама незнаёмай жывым людзям сістэмаю зносін.

Яны былі чужыя між сабою — жывыя людзі і нежывыя, як усе пра іх думалі, істоты. Іхнія светы, здавалася, нідзе не сустракаліся, нідзе не перасякаліся, не перакрыжоўваліся.

Але ж нерухомыя поўнасцю залежалі ад рухомых.

Менавіта рухомыя стварылі іх.

Нерухомыя не хацелі гэтага і, як маглі, пратэставалі — яны не жадалі, каб іх рабілі людзі па сваіх капрызах і выдварах.

Яны не хацелі нараджацца вось так! А ўжо нарадзіўшыся, многія праглі быць іншымі і нецярпліва чакалі, калі іх пераробяць.

Часам Рухомыя — толькі так называлі жывых людзей асуджаныя на нерухомасць, — падыходзілі да іх, доўга разглядалі, нешта гаварылі — тыя ж, што ляжалі, толькі бачылі, як у іх адкрываецца рот, варушацца вусны ды і ўсё, — часам бралі ў рукі, часам нешта папраўлялі — палец, нагу, нос — і клалі зноў на ранейшае месца.

О, як яны, нягледзячы на свой пратэст, чакалі таго моманту, калі іх возьмуць у рукі! І якімі жаданымі, якімі мяккімі і ласкавымі тады здаваліся ім жорсткія, бязлітасныя пальцы! Яны з нецярпеннем праглі іх, чакалі іх і ў той жа час ненавідзелі.

Якое гэта было цяжкае насілле — чакаць. Здзек для ўсяго жывога. Ляжы і чакай, калі нехта падыдзе, паправіць табе галаву, пераробіць нагу, выцягне замлелую руку. А сам ты нічога гэтага зрабіць не можаш.

Словам, чакай, калі цябе пераробяць.

А перарабляць, як ім здавалася, у іх было што.

Рухомыя, нібы знарок, ляпілі Нерухомых заўсёды нейкімі нязграбнымі, нават страшэннымі, пачварнымі, апраналі ў самыя непрывабныя сярмягі ці лахманы, абувалі ў лапці, твары рабілі грубымі, непрыгожымі, а на галовы абавязкова насоўвалі брыдкія шапкі, быццам бы знятыя з пудзілаў. А ім жа хацелася выглядаць прыгожа і самавіта, — як і самім Рухомым. Асабліва былі незадаволеныя жанчыны: яны саромеліся і свайго вобліку, і свайго адзення. А якая жанчына не хоча быць чароўнаю?!

Асуджаныя на вечную нерухомасць, не маючы магчымасці хадзіць і сустракацца між сабою, на адзіноце дужа многа думалі — як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце памагло. Яны неймавернаю сілаю волі змусілі мёртвы, нежыццёвы і непрыдатны для роздуму пластылін мысліць.

Вось і зараз ён, злеплены кімсьці наспех, ляжаў нерухома, побач, таксама нерухома, ляжалі іншыя, а каля яго скроні, ён адчуваў, пульсавала нейчая настойлівая думка. І ён нават ведаў, чыя яна, ведаў, што гэта абменьваецца інфармацыяй з суродзічамі вунь той пластылінавы чалавек, злеплены пад блазна ці прыдурка, што ляжыць далёка-далёка ад яго — на самым краі стала.

«Трэба нам нешта рабіць, — спакойна, не спяшаючыся, расшыфроўваў мозг сігналы. — З нас здзекуюцца, намі пагарджаюць, нас не лічаць нават за людзей. Нам не даюць думаць, вырашаць свой лёс — якімі, маўляў, мы злепім вас, такімі і жывіце».

Тут жа ў размову ўмешваўся другі голас — і гэта было падобна на перамовы розных радыёстанцый у эфіры. І новы голас быў таксама яму знаёмы — ён належаў пластылінаваму чалавеку, злепленаму пад хлебароба: магутныя кулачышчы, шырокія плечы, моцныя, мускулістыя босыя ногі. Яго зляпілі амаль што голым — знізу толькі крыху прыкрылі нейкім шарачковым рыззём. Чалавек і напраўду атрымаўся моцны і загартаваны — нягледзячы на тое, што тут і апранутым было зімна, ён ніколі не скардзіўся, што яму холадна, ніколі не прастуджваўся, не хварэў. Не замінаў яму і вузкі лоб, які знарок, для пацехі зляпілі яму Рухомыя, каб пасмяяцца і паздзекавацца з яго: пад гэтым вузкім ілбом віравалі такія мудрыя і натхнёныя думкі, што амаль усё племя Нерухомых міжволі прызнала яго сваім вадаром. Ён ведаў, што ім трэба рабіць вось зараз, сёння, але таксама разумеў, што іх чакае заўтра і што там ім спатрэбіцца ў першую чаргу. Яго думкі былі простыя і звычайныя, як сама зямля, хоць у іх і была такая глыбіня, якая часцей за ўсё прыхарошвае і робіць высакароднаю кожную мудрую прастату. Хлебароб не даваў нікому ніякіх загадаў ці парад — ён проста нібы разважаў сам з сабою, але яго хвалю лавіў кожны пластылінавы чалавек.

«Дык што ж нам трэба рабіць, каб вярнуць свой гонар, славу і самапавагу? Мусіць, трэба найперш стаць на ногі, утрымацца на іх, а затым навучыцца хадзіць».

А звычайны, шэранькі чалавечак, якога Рухомыя вылепілі царом, быў дужа прымітыўны, вёў сябе вельмі несамавіта і непрыстойна, выглядаў блазнам. Яго шыкоўнае царскае адзенне і карона на галаве неяк не стасаваліся з тым, што ён гаварыў і рабіў: крычаў на ўсіх, выдаваў дурныя загады, з якіх усе смяяліся, лаяўся, а пасля, пакрыўдзіўшы, абразіўшы ўсіх, чамусьці плакаў сам.

Ён жа, Хлебароб, адчуваў у сабе нейкую нерэалізаваную звышчалавечую сіламоц. Воляю і думкаю мог напоўніць свае пластылінавыя вены жывою сапраўднаю крывёю, а рукі і ногі — такою энергіяй, што яны, як яму здавалася, рабіліся жывымі і пачыналі рухацца. Не, для ўсіх іншых рукі-ногі нерухома ляжалі, як і да гэтага, на месцы, і толькі ён сам ведаў і адчуваў, што яны рухаюцца.

Сілаю волі прымусіў падысці да сябе аднаго з Рухомых — менавіта таго, хто, ён ведаў, паддаецца яго біялагічнаму полю, яго намаўленню, гіпнозу. Прысіліў узяць сябе ў рукі і ягонымі пальцамі пачаў рабіць самога сябе.

Найперш зняў з галавы блазенскі картуз. Потым пачаў папраўляць твар, надаючы яму годнасць і ўзнёсласць, рашучасць і ўпэўненасць.

Пальцы былі жорсткія, няласкавыя, але яму здаваліся прыемнымі і жаданымі: яны рабілі якраз тое, чаго ён і хацеў, чаго дамагаўся — ляпілі яго, ляпілі без насмешкі і здзеку.

Усё племя гэта зразумела, насцярожана сцішылася, і зараз пластылінавыя людзі ляжалі моўчкі, не перагаворваючыся. Маўчаў нават цар-блазан — не выкрыкваў глупстваў, не плакаў і не смяяўся. Усе, напружыўшыся, чакалі, што ж будзе далей.

А пальцы Рухомага ўсё яшчэ з натхненнем і асалодаю, з нейкай дуркаватай зацятасцю ціскалі, мясілі пластылін і радаваліся, калі атрымліваўся прыгожы нос, шчырыя вочы, высокі лоб. Рухомы, сам таго не ведаючы і не хочучы, вось зараз сабе насуперак рабіў Вадара, вартага ўсяго абражанага і зняважанага племя.

А сам Вадар адчуваў, як напаўняецца сілаю і жыццём кожная клетка пластыліну, як векавечная мара столькіх пакаленняў вось зараз уваходзіць у яго аднаго.

Ад радасці ён, нечакана нават для самога сябе, міжволі скалануўся.

І адразу ж заціхлі, перасталі працаваць пальцы Рухомага. Яны, здаецца, таксама адчулі нейкую невядомую да гэтага сілу ў пластыліне, адчулі яе радасць і супраціўленне адначасова, і спалохаліся: у гэтай сіле і радасці нібыта была нейкая пагроза ім, Рухомым, — пластылінавыя людзі зараз ужо, зраўняўшыся з імі па руху, станавіліся нібыта раўнёю ім.

Рухомы хацеў пачаць разбураць з натхненнем створанага ім чалавека, паспеў ужо нават змяць яму правую руку і скамячыць вуха, але Вадар зноў напружыў усю сваю волю і, узбудзіўшы біялагічнае поле, прымусіў яго спыніцца.

Рухомы трымаў зараз чалавека ў руцэ і не ведаў, што з ім рабіць далей. Ужо хацеў быў кінуць туды, на стол, дзе ляжалі астатнія, асуджаныя на нерухомасць, пластылінавыя людзі, але Вадар зноў сабраў сваю сілу волі і загадаў Рухомаму: «Не кладзі. Пастаў... Пастаў на ногі... Пастаў...»

Рухомы ўсё больш і больш трывожыўся — відаць, адчуў, што нехта кіруе ім і ўсё гэта ён робіць не па сваёй волі, — як у сне.

Зразумеўшы, што ў яго руках ужо не мёртвы пластылін, а жывая плоць, ён зусім спалохаўся і кінуў Вадара да суродзічаў — нават невядома было, ці то ён кідаў яго так, ці то ставіў. Можа, і ставіў, ды ў спудзе гэта атрымалася ў яго дужа рэзка, і Вадар ледзь не паваліўся, але ўсё роўна ўтрымаўся на нагах, устояў.

Вадар стаяў, пагойдваўся, ківаўся, так моцна, што здавалася, вось-вось перакуліцца, упадзе. Ніхто не ведаў, што яго пластылінавыя ногі сталі жывымі і ў руках ужо торгае, нібы дабраякасны, чужародны пластыліну, нарыў — нармальная чалавечая кроў. Ніхто не бачыў, як трымцяць ад нецярпення ногі, прагнучы найхутчэй зрабіць першы крок. Ніхто не чуў, як чалавек голасна, на ўсю планету сказаў: «Мы паспрачаемся яшчэ з вамі, жорсткія чалавечыя пальцы».

Пластылінавы чалавек — першы сярод суродзічаў — вучыўся хадзіць.

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 54-57
Крыніца: скан