epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Праліў сноў

Як калісьці ў дзяцінстве,

зноў

Я плыву па праліве сноў...

А за мной па абодва бакі

Узыходзяць мацерыкі.

І, прарэзаўшыся праз гады,

Атрасаюцца гарады

І спыніцца просяць мяне —

Пакланіцца сваёй даўніне.

Я ж мінаю іх маякі

І плыву глыбей у вякі.

Я прыбіўся да гону рыб

І крычу, як дэльфін,— аж ахрып;

Так прашу — зразумейце мяне,

Птушкі, стоеныя ў траве,

І фантаны марскія — кіты,

І ты,

мой далёкі, далёкі дзед!

Да цябе твой нашчадак ідзе

Праз бухенвальды вайны,

Праз інквізіцый агні,

Праз бронзавы век

За каменны век

Ідзе чалавек.

Мінаючы патры- і матрыярхаты,

Нарэшце знаходжу я свой пачатак —

Ты на чацвярэньках ідзеш, як мядзведзь,

На свайго прапраўнука паглядзець.

Прывітанне! Здалёк я прыйшоў —

Аж з тваіх неакрэсленых сноў!..

Пасля доўгіх і цяжкіх мук

Навучыўся хадзіць ты на двух

І на ловы цяжкія пабег

Аж за каменны век,

Прама ў атамны век...

Я ж сяджу і дрыжу за агонь —

Ты глядзець даручыў мне яго...

А як вернешся зноў,

я дамоў

Паплыву па праліве сноў...