epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Пушчу турбуе клопат адзіны..."

Пушчу турбуе клопат адзіны:

У пушчы радзіны.

На гэтай зялёнай птушынай планеце

У кожным гняздзе нараджаюцца дзеці.

Цесна ў шкарлупках —

Сціснуты плечы,

Быццам у цэлях, закутых навечна.

Чуеце.

Кволыя стукаюць дзюбы?..

Гэта упарта,

Бы камнярубы,

Працуюць нядаўнія эмбрыёны,

Акно прабіваючы ў свет зялёны.

І ўсё ж паддаецца бетон шкарлупіны —

У пушчы радзіны!

Малечы выходзяць на свет.

І са стомай

Падаюць на абломкі нядаўняга дома...

Вятры!

Іх калыскі пагушкаць варта —

Хай адпачне стамлёная ўпартасць.

А вунь зверанё сваю маці шукае —

Цёплаю пыскаю свет аглядае,

Пакуль яшчэ не адкрыліся вочы:

Малое знайсці сабе ежу хоча

І палохаецца,

Наткнуўшыся на травіну,—

У пушчы радзіны.

І аляняты,

І зубраняты

Пакуль на траве ляжаць вінавата,

У зямлю, што выслізгвае, кволыя ногі

Натужна ўпіраюць —

Да самай знямогі:

Зямлю адпіхнуць настойліва хочуць,

Каб самім на ногі ускочыць...

 

І стрэльбы долу

Апускаюць рулі нявінна —

У пушчы радзіны!