epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Пыл

Балада Кіеўскай Русі. XIII стагоддзе

 

Яшчэ

Не асеў на дарогах пыл,

Табунамі чужацкага войска ўзняты.

Усё яшчэ сеецца ён

На голыя дрэвы,

Для якіх восень прыйшла вельмі зарана—

Улетку:

Іх зялёнае лісце

Скарміла сваім коням

Батыева саранча...

Яшчэ падае ён, гэты пыл,

На крывыя шаблі захопнікаў,

І там, дзе не высахла покуль кроў,

На блішчастых палосах

Бярэцца шэры налёт земляны,

Як на тварах смяртэльна параненых вояў.

Яшчэ на бадыгах крукастых,

Якімі прыхадні сцягвалі з сёдлаў

Белагаловых воінаў,

Матляюцца шматкі іх запыленых доспехаў.

Яшчэ не дагарэлі

Вогненныя дзіды,

Якімі Батый спаліў Кіеў,

І пыл яшчэ асядае на пажарышча,

Як гарачы попел...

А ўжо знайшоўся баян,

Які, пярхаючы ад пылу, спявае:

— Слава, слава, слава Батыю!

І дзякуе, дзякуе «вызваліцелям»

За нагрэты ў запыленых бурдзюках

Ханскі кумыс...

А можа,

Пярхаецца яму не толькі ад пылу?

Бо чаму ж тады

Ён так баязліва,

Як вінаватае сабачанё на гаспадара,

Пазірае на харобрых ваяроў,

Што паўтыканыя чужацкімі стрэламі,

Як вожыкі,

Ляжаць навокал.

Не бойся, палахлівец!

На тваё шчасце

Яны не змогуць расказаць пра тваю здраду,

Нават не змогуць перадаць наступнікам,

Якім імем звалі цябе сябры, маці,—

Яны ж мёртвыя...