epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Пытанне

Македонская балада. ХХ стагоддзе

 

Ён звозіў даспелае жыта —

Адпрэглі каня чужакі.

Пытаюць са здзекам бандыты:

— Скажы нам, а хто ты такі?

 

— Я — Коча Маркоўскі. Мо чулі?

Я — македонец, мужык...

 

І пахне так порахам руля,

І сэрца ўжо б’ецца аб штык.

 

— Які македонец, хамула?

Тут — Грэцыя, мы на вякі!

І ты, мусібыць, Фамапулас

Альбо Пікіёніс які.

А ён бізуноў, хлопцы, хоча,—

Дайце, каб помніў: ён — грэк...

 

На возе маленькі сын Кочы

Плача ад крыўды за здзек.

 

Пытанне ізноў сцебанула,

Нібыта бізун той цяжкі:

— Ну, дык ці ўспомніў, хамула,

Хто ты, урэшце, такі?

 

— Я — Коча Маркоўскі... Не чулі?

Я — македонец, мужык...

 

І зноў пахне порахам руля,

І зноў сэрца б’ецца аб штык.

 

— Відаць, было часу замала —

Не ўспомніў нічога, дзівак...

 

Нагайка ізноў заспяшала —

Ты — грэк... Толькі так... Толькі так...

 

— Ну, а цяпер, можа, ўспомніў,

Хто ты ўсё ж! Досыць маніць!

 

Маўчыць. І не дыхае. Промні

Над ранамі — як авадні...

 

— Шкада, што забілі... Слабы ўсё ж...

Што грэк ён,— цяпер нам не ўчуць...

 

І раптам рашуча ўсхапіўся

На возе маленькі хлапчук:

 

— Я — Ташка Маркоўскі, бандыты,

Я — македонец, мужык!

 

На воз верне руля сярдзіта...

Як сэрцайка б’ецца аб штык!..