epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Раніца. Сонца. Ралля..."

Раніца. Сонца. Ралля.

Трава ўся ў расе — як плача.

Неба. І навісь галля...

Дзе я ўсё гэта бачыў?

 

Туман. Рачулка. Лугі.

У кожнай расіне — па промню.

Краскі — яшчэ без смугі...

Адкуль я ўсё гэта помню?

 

Спакой. Цішыня. Авадзень.

Птушкі ўгары крыляюць.

Звініць, нараджаецца дзень...

Адкуль я ўсё гэта знаю?

 

Бы продак, ляжу ля ракі.

Раса мне ногі халодзіць.

І чую — інстынкт праз вякі, —

Як рыба ў глыбінях ходзіць.

 

Банальна ўсё. Так, было —

І луг, і птушкі, і дрэвы.

І сонца было, і крыло было,

Былі і птушыныя спевы.

 

І я, магчыма, ўжо быў,

І я ляжаў, можа, гэтак.

І вось праз вякі не забыў,

Як прачынаецца лета.

 

Было ўсё, было... І ўсё ж —

Раніца. Неба. І промні.

І цёплы — праз сонца — дождж...

Чаму я ўсё гэта помню?