epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Размова

Слепіць дождж паравозу вочы,

Нават вецер не хоча збочыць.

Паравоз не сцішае разгону

І пытаецца ў цяжкіх вагонаў:

«Колькі там панасядала,

Колькі там панасядала?..»

 

Прарыпелі вагоны: «Пройдзеш,

А свабоднага месца не знойдзеш».

Уздыхнуў паравоз на ўсе грудзі

І пытае: «А што там за людзі?

І куды яны спяшаюць,

І куды яны спяшаюць?»

 

«Гэта хлопцы са службы вайсковай

Будаваць едуць горад новы...»

Кроку ён прыбаўляе — рады,

Што вязе на будоўлю брыгады:

То да нас у Салігорск,

То да нас у Салігорск...

 

І да месца падмеўся давезці

Юнакоў, іх салдацкую песню.

Так і быць, няхай сядзяць,

Так і быць, няхай сядзяць,

Так і быць,

Так і быць,

Так і быць...