epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Разня

Кашубская балада. XIV стагоддзе

 

— Мамачка, мамка, а дзе ж наш татка,

Чаму не ідзе ён дахаты?

— Сыне мой, сыне, мусіць, дзіцятка,

Татка ўсё ў моры заняты.

 

— Мамачка, мамка, а што там за крыкі?

Чуеш, здаецца, там плачуць...

— Сыне мой, сыне, то ж вецер вялікі —

Бура пачнецца няйначай.

 

— Мамачка, мамка, а што вунь за цацка

У дзядзькі, што грукае ў дзверы?

— Сыне мой, сыне, гэта ж знянацку

За цацку прыняў ты сякеру.

 

— Мамачка, мамка, чаму, паглядзіце,

Чырвоная рэчка такая?

— Сыне мой, сыне, у ёй не вадзіца —

То ж кроў наша, сыне, людская.

 

— Мамачка, мамка, нас выручыць хочуць?

Бяжыць чалавек на наш ганак...

— Не чалавек ён, а мой ты званочак,

Гэта ж

крыжак паганы!