epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Развітанне

Заключная балада

 

Прабачце, даўнія стагоддзі,

Што патрывожыў я ваш пыл,

Што, абмінуўшы змрок магіл,

На веча вашае прыводзіў

Сваіх сяброў — з той далячыні,

Што светла мроілася вам,

Што вашым снілася сынам,

Як сніцца лета ў зімняй стыні.

Мы пасядзелі,

як схацелі,

Пагаварылі,

як змаглі.

Раздзьмуўшы нанава вуглі,

Ля вашых вогнішчаў папелі.

Ваш боль,

ваш сум не абміналі

І вашу радасць перайшлі...

І дні — стагоддзямі міналі,

Стагоддзі — нібы дні прайшлі.

І вось яна,

часіна тая,

Калі развітвацца пара:

Камяк у горле — як гара,

Сляза — шчымлівая такая.

Бывайце ж, даўнія стагоддзі,

Мы зноў вяртаемся ў свой час,

Дзе над галовамі у нас,

Як радасць, сонца светла ходзіць...