epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Ручай

Сачу празрыстыя струмені

Сярод сутоння серабра.

Санлівай сіні сум асенні

Спяшаю ў песні пасабраць.

 

Звініць званком звонкагалоса,

Задумна зойдзецца здаля.

Ад звону зумкага, здалося,

Загалубілася зямля.

 

Булькоча балаўнік без стомы —

Бы бесядзь будняя бабуль.

Булькоча, быццам будзіць бомы:

Буль-буль, буль-буль...

 

За ім скакаў я бесклапотна —

Куды ж, пястун, мяне завёў?..

Баюся здацца старамодным:

Няма ўжо гэткіх ручаёў!