epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Русалка

Майго бацьку звалі Данілам, а ягонага бацьку, майго дзеда, клікалі Іванам. Іванавым бацькам быў Сямён, а ўжо яго ўсе ведалі як Анціпавага сына.

Перад Анціпам былі Пятрок і Кузьма, Ціт і Ляксей, зноў жа Сямён і Іван, зноў жа Даніла і Анціп.

А яшчэ раней, перад імі, жылі іхнія дзедзічы - Рамонак і Машэчка, Пракоп і Лютабор, Мітка, Вышата і Вежа.

А яшчэ даўней сярод маіх прашчураў, недзе пасля Вышаты і Вежы быў нехта Бус. Не, мусіць, гэты Бус усё ж нарадзіўся не пазней іх, а паміж імі, бо, кажуць, менавіта ён успамінаў, што ягоная бабуля ледзь не згарэла разам з князем на Вялікай Крадзе і што яе выратаваў якраз Вежа.

Так яно было на самой справе ці не так - паспрабуй разбярыся сёння. Пэўна ж вядома толькі адно: у гэтага Буса парабчанкаю жыла русалка.

 

Неяк на самым граным тыдні выправіўся Бус у лес - панасіліся ўсе лапці і трэба было надраць лыка, каб сплесці новыя. Праўда, з гэтай работай ён крыху прыпазніўся - лазу лепей драць увесну, калі сама ідзе сок і калі кара ў лазы лёгка дзярэцца: надрэжаш унізе, шмарганеш - і ўжо ўся лазіна да самага верху стаіць голая. Аднак Бус усё ж спадзяваўся нашморгаць лыка хоць на двое-трое лапцей.

Хацеў спачатку зайсці па дарозе на свой клін, які з боку поля глыбака ўдаецца ў пушчу, каб паглядзець, ці не патаптаў хто жыта і ці ляжыць на месцы барана, якую ён, заскародзіўшы яшчэ ўвосень ніву, прысланіў да бярозкі. Але перадумаў, разважыў па-іншаму: лепей ён зробіць гэта потым, калі спраўдзіць тую справу, дзеля якой і прыйшоў у лес.

Ідучы праз белакоры беразнячок, Бус звярнуў увагу на купку станістых, як дзяўчаткі, бярозак, вакол якіх добра вытаптана трава. Памятаў, бацька яму, малому, неяк паказваў такое ж месца, толькі абтаптаныя там былі не бярозкі, а сасонкі, і казаў, што траву вытапталі русалкі, якія якраз тады, пасля Сёмухі, павыходзілі з ракі, каб усё лета жыць у лесе і ў полі.

- Глядзі, сын, не хадзі падчас русалляў у лес. Зловяць казытніцы і заласкочуць насмерць. Яны во так во збіраюцца каля дрэў, карагоды водзяць, за рукі пабраўшыся, скачуць. І ў свой круг любога заманьваюць. А падыдзеш, рот разявіш, яны цябе абступяць з усіх бакоў і заказычуць. Будуць ціскаць, шлакатаць, смяяцца, рагатаць, спяваць, скакаць вакол цябе, выкручвацца, выгінацца, і ніхто табе на дапамогу не прыбяжыць: хто гэта падумае, што ў такім вясёлым карагодзе некаму дапамога трэба?

Бацька яшчэ расказваў, што быццам бы і сам бачыў русалку. Ішоў ён у другую вёску на Зелянец, а яна на дарогу выбегла, і скачыць-скачыць, і крыўляецца, і язык паказвае, усё спакушае яго, а тады на дрэва скокнула, валасамі сваімі - а яны зялёныя-зялёныя і доўгія - прывязалася да галін, уніз апусцілася, і гутатаецца, і гутатаецца, як на арэлях: гутата-гуляля, гутата-гуляля...

- Зрабілася мне, сын, акропна, - прызнаваўся тады яму бацька. - Спалохаўся я і - назад. А назаўтра той жа дарогаю ішоў - хоць бы што: нікога не бачыў, нікога не чуў...

Сыну ён раіў, калі давядзецца ў такі час ісці праз лес ці праз жыта, абавязкова браць з сабою нешта такое, чаго русалкі баяцца: ці то шпільку, якой можна ўкалоць, ці то пучок палыну, якога яны ні на дух не пераносяць...

- А калі ў цябе нічога такога няма, - вучыў далей бацька, - а ёсць адна сякера, дык ты вазьміся за хахольчык, той, што за абушком, і тапарышчам яе, тапарышчам...

Бус, нават і не бачачы і не чуючы нічога страшнага, здзіўлена адчуў, што толькі ад згаданага ў яго на галаве падымаюцца валасы.

Успомніў, што сёння якраз чацвер Русальнага тыдня - то ж русальчын вялікдзень! - а ў яго нічога няма: ні палыну, ні тапара. Праўда, ёсць нож - без нажа ж лыка не надзярэш, - і трохі павесялеў: а хіба гэтага мала?

І ўсё ж яму падалося, што русалка быццам бы ўжо на дрэве, і ён асцярожна, асцерагаючыся, пачаў паволі падымаць вочы на верхавіны бярозак. Потым хутка ўскінуў галаву, гатовы да ўсяго.

Але на бярозках нікога не было. Было зусім бязветрана, дрэвы стаялі ціхія, на іх не варушыўся ніводзін лісток.

Бус зазлаваў на самога сябе. То ж трэба так спалохацца! І ні з таго, ні з сяго... Сам нешта выдумаў і сам спалохаўся гэтага. Ну і баязлівец! Ніякіх русалак ужо няма. Русалкі вывеліся. Раней, можа, і былі, а зараз зніклі. Русалкі ж не могуць цераз мяжу пераступіць: мяжа - і яны ні з месца. А тут столькі меж, столькі зямлі перакапалі.

Ды і каля бярозак, мусіць, дзяўчаты вытапталі - галіны спляталі, карагоды вадзілі, песні спявалі.

А ты спалохаўся.

Але ж нешта, халера на яго, ёсць.

Вунь жа бабуля і цяпер пра сваю стрыечную сястру расказвае, а сама ўсё па баках аглядаецца, быццам баіцца, каб нехта яе не падслухаў.

Ішла Ганна лесам, бачыць: на дрэве нейкі кавалак бярозавай кары на почапцы вісіць. Як калысачка, не раўнуючы. Нахіліла яна карыну да сябе і бачыць, што гэта і праўда калысачка, а ў ёй маленечкае дзіця ляжыць. Узяла Ганна на рукі тое дзіця, ды і думае, што з ім рабіць? Чыё яно, адкуль, хто паклаў яго ў калысачку і павесіў на сук?

А тут бачыць: бяжыць да яе з усіх ног якаясьці голая жанчына - як усё роўна адбіраць будзе. Ды зусім-зусім яна голая. Цыцкі, вялікія, поўнаналітыя, падскокваюць ад бегу, валасы доўгія-доўгія, аж ніжэй каленяў распушчаныя і спераду і ззаду, ды так, што здаецца, бытта яна і адзета ў невашта, у нейкае апранне з валасоў, у нейкую валасяніцу.

Тады Ганна ўцякаць ад яе - з калысачкаю, з дзіцем у ёй як дала лататы. А тая ўслед за ёй бяжыць, крычыць наўздагон: «Пачакай, жанчынка! Не бойся мяне!» Дагнала яна Ганну, толькі дакранулася да яе, сказала: «Спору табе ў рукі!», і ўсё, і прапала сама. І калысачка з Ганніных рук знікла - стаіць яна з расстаўленымі рукамі, а карыны на іх няма.

Аказалася, што гэта была русалка.

Як пасля дотыку працавала Ганна! Усё ёй удавалася, усё ў яе выходзіла гожа. Яна стала так працаваць, што ўсе дзівіліся, адкуль у яе толькі і браліся тыя сілы.

Зноў жа казалі, што зубраўцы нават лавілі русалак і сілаю прыводзілі іх у вёску.

Казалі, што яны, злоўленыя, нічога не гавораць, а толькі ўсё плачуць і плачуць, ракою ліюцца, пакуль іх не адпусцяць. А як адпусцяць - заскачуць, засмяюцца, заспяваюць, - і ў лес: гутата, гуляля.

Сваіх русалак зубраўцы неўзабаве таксама адпусцілі, бо збаяліся: як пачалі яны расчэсваць валасы, дык столькі вады начасалі, што яна нават у нізінах ды ў калдобінах назбіралася. Страшна стала, што гэтая вада і ўсю вёску затопіць і ўсе хаты са стрэхамі схавае.

Бус страсянуўся, нібы атрасаючыся ад дажджу.

- Прыдумаў: русаўкі, русаўкі, - зазлаваў на сябе. - Табе ж, брат, не русаўкі, а лапці трэба.

Махнуў перад сабою рукой, нібы ачышчаючы ад нечага сабе дарогу, і пайшоў да Шаўковага балота, дзе раслі густыя лазнякі.

Працавалася яму лёгка і спорна - так, як і ўвесну: надрэжа кару, падчэпіць лязом, шмаргане - і ўся лазіна стаіць распранутая.

Азірнуўся на круглыя, як стажкі, лазнякі, ля якіх ён пабываў, - яны бялелі свежаакоранымі стваламі і нават сукамі: кара не рвецца, садраная са ствала, пераходзіць на сукі - спачатку на большыя, а затым на меншыя, - і куст распранаецца як не да самай вершаліны.

На лазняк непрыемна было глядзець - як быццам бачыў нешта тое, чаго б не хацелася бачыць: кусты стаялі нейкія безабаронныя, нібы голыя людзі.

Перавёў позірк на зямлю, на кучкі надранай лазы. Іх было шмат - заканчвай, Бус, працаваць: лазы ўжо хопіць і на дзесяць пар лапцей.

І тут яго вуха злавіла нечы далёкі голас. Нехта, нібы заблудзіўшыся, пералічаў мужчынскія імёны - нібы гукаў каго:

- Максім! Кузьма! Бераж! Змітрок!

Спачатку голас быў ціхі, слабы, ледзь чутны - аж даводзілася пільна ўслухоўвацца, - але затым ён усё мацнеў і мацнеў, рабіўся ўсё выразней - быццам той, хто гукаў, набліжаўся да Шаўковага балота.

Пачуўшы сваё імя, Бус ледзь не адклікнуўся на яго - ужо раскрыў быў рот, але ў той жа момант, успомніўшы зноў жа бацькавы перасцярогі, хуценька закрыў яго - хапнуў паветра так паспешліва, што нават злавіў ротам камара.

Бацька ж папярэджваў:

- Ніколі не адгукайся ў лесе, калі нехта будзе называць тваё імя. Гэта казытніцы так ловяць нас, дурных. Ведаючы, што ў лесе нехта абавязкова ёсць, яны пералічваюць імёны, пакуль хто-небудзь не адгукнецца. Тады яны бягом да яго, ловяць і ласкочаць.

Нехта, нібы адчуўшы, што яго чуюць, слухаюць, цяпер ужо настойліва паўтараў толькі адно імя:

- Бус! Бус! Бу-ус!

Але Бус не адгукаўся. Ён, спяшаючыся, сабраў у адзін груд усё надранае лыка, хуценька звязаў яго, уціснуўшы каленам, ускінуў за плечы і таропка пайшоў адсюль.

І ўсё ж, не зважаючы на спалох і спяшанне, Бус не адмовіўся ад ранейшага рашэння зайсці на свой клін, каб паглядзець на жыта, а заадно праверыць, ці не скраў хто ягонай бараны.

Па пушчы ішоў шпарка, а выйшаўшы да сваёй нівы, раптам спыніўся як укапаны - стаяў за кустамі, не варушачыся, здзіўлена назіраючы за тым, што адбывалася на паляне.

Там, дзе Бус пакінуў увосень барану, сядзела нейкая жанчына і над чымсьці завіхалася, нешта разблытвала - нібы развязвала нейкія вузлы.

Бус прыгледзеўся лепей і здзівіўся яшчэ болей: жанчына як усё роўна гуляла з яго бараною!

Яе доўгія валасы наматаліся на кляцы, завязаліся на баране, а яна з ёю цягалася па паляне, спрабавала ўзлезці на бярозку. Вызваліўшы рукі, падскоквала, хапалася за сукі, але цяжкая барана цягнула яе зноў уніз, і ёй, хочаш ці не хочаш, даводзілася расціскаць пальцы і разам з бараною падаць на зямлю.

Жанчына падымалася і зноў спрабавала ўсунуць барану на ніжнія сукі.

- Што гэта ты робіш?! Навошта з маёю бараною носішся? - спытаўся Бус і выйшаў з-за куста.

Барана зноў звалілася з сукоў і пацягнула доле жанчыну. Маладзіца кінулася была ўцякаць, цягнучы за сабою барану, але яна, навязаная за валасы, не цягнулася, чаплялася кляцамі за дзірван.

Тады яна вярнулася да бараны, узяла яе на рукі і, несучы перад сабою, кінулася чамусьці ў яго бок.

Цяпер толькі Бус заўважыў, што маладзіца зусім голая. Хоць доўгія і густыя валасы яе былі распушчаны, усё ж праз іх вытыркаліся поўныя, налітыя грудзі і чорная латка ніжэй жывата.

Праз хвіліну яна ўжо стаяла перад ім. Голая, з бараною.

Ён убачыў яе калючыя, астоеныя, халодныя, нібы шкляныя, вочы і схамянуўся.

«Русаўка!» - мільганула ў галаве.

Але ён чамусьці не спалохаўся, як раней. Спакойна скінуў з плячэй лыка, спакойна дастаў нож з похвы і, як вучыў яго бацька, начарціў лязом на зямлі вакол сябе і ласкотніцы выратавальны круг.

Чакаў, што казытніца вось-вось кінецца яго ласкатаць, а яна, наадварот, зрабілася такою спакойнаю, як яе ўсё роўна нехта перамяніў.

Яна бездапаможна апусціла рукі, нязручна нахіліла да зямлі галаву - яе за валасы нацягвала барана.

Але ён усё роўна асцерагаўся вадзяніцы. Ціха, але выразна - нібы сабе, нібы некаму невідомаму - сказаў:

- Чур, мая.

І русалка яшчэ болей пацішэла, пасумнела і скарылася.

Бус, хоць і з недаверам, усё яшчэ асцерагаючыся - вадзяніца ж, ядры яе калена! - падняў адзін бок бараны, паставіў яе ля ног русалкі і пачаў разблытваць вузлы і петлі з русалчыных валасоў.

Казытніца стаяла рахмана, не варушачыся: цярпліва чакала, калі Бус разблытае яе валасы. Часам і яна бралася яму памагаць, і тады іхнія рукі сутыкаліся - ён дзівіўся, што яны такія ж цёплыя, як і ў людзей, часам яго локаць упіраўся ў чорны каснічок ніжэй яе жывата, а то ён і сам, быццам шукаючы гэтага, дакранаўся шчакою да тугой, як лясны яблык, наліўной і спелай грудкі, і яму ўжо не хацелася адымаць шчаку ад крыху халаднаватага камячка, хацелася доўга, а то і заўсёды адчуваць, як награваецца ён, крыху захаладалы, і як наліваецца чалавечым цяплом...

Бус адчуў, як у яго самога міжволі з'яўляецца мужчынская сіла, як яна напаўняе ўсяго нейкім тлумам, прагаю і жаданнем, але тут жа спалохаўся гэтага свайго стану.

«То ж русаўка, - напомніў ён самому сабе. - Як толькі я вызвалю яе, яна возьмецца мяне казытаць».

Аднак вадзяніца і пасля вызвалення, ціхая і пакорлівая, стаяла каля яго і нікуды не збіралася ўцякаць.

- Бяжы! - сам загадаў ён русалцы. - Бяжы ў лес, лезь на дрэва, кідайся ў возера... Бяжы!

Але яна і пасля гэтага стаяла каля яго і нікуды не бегла.

«Нашто я толькі што сказаў: "Чур, мая!"» - як бы павінаваціўся сам перад сабою Бус і пачаў у спіну выпіхваць русалку з круга. Яна ж упарта супраціўлялася і не хацела выходзіць з яго.

І са спіны яна, голая, была гэткая ж зграбная і павабная, як і спераду.

Бус ззаду абхапіў яе рукамі, намацаў яе грудзі і, рашуча выпіхваючы з круга, лашчыў, ціскаў, мяў тугія бугаркі, спускаўся рукамі ніжэй, у вялікай жадзе прыціскаўся да яе раскошных ягадзіц...

«Русаўка! Русаўка! Русаўка! - тузалася ў галаве, як напятая жылка, неадчэпная думка. - Не чапай! Не чапай! Не чапай!»

І раптам быццам бы ён зноў пачуў нечы голас з пушчы:

- Бус! Бус! Бус!

Тады ён сабраў у рукі ўсю сілу, якая скіроўвала яго на нешта дурное, даў вадзяніцы ладнага плескача ніжэй спіны, моцна піхнуў яе, ды так, што яна ўпала ўжо па-за кругам, а сам павярнуўся і пайшоў у другі бок - туды, дзе ляжала яго лаза.

Ускінуў вязанку на плечы і, не азіраючыся, пашыбаваў у Зубрэвічы.

Ён не здзівіўся, калі нехта пужліва ўторкнуў у яго далонь свой кулачок - русалка абышла круг і дагнала Буса ўжо за ягоным жытам, якое яму так і не ўдалося паглядзець.

Бус паглядзеў на яе збоку і аж скалануўся: у яе вачах стаялі слёзы.

Русалка плакала, але ішла за ім.

Так - рука ў руцэ - і прыйшлі яны ў Зубрэвічы.

 

- Бус! Ты здурнеў, Бус! Каго ты дадому прывёў?! - не даўшы нават ім абаім зайсці ў двор, загаласіла Хадора, Бусава жонка. - З голаю бабаю па лесе качаўся - яна ж вунь уся ў ігліцы, - усе, мусіць, імшарыны ёю павыціраў, а цяпер во і дадому прывалок. Што, табе мяне мала? Табе цэлы статак трэба? Што ты робіш, Бус?! Усю вёску насмяшыць хочаш?

- Цішэй ты! - апраўдваўся Бус. - Чаго ты крычыш? Гэта ж не баба...

- А хто? - зазлавала Бусіха.

- Русаўка.

- Русаўка, кажаш? - засмяялася жонка. - Русаўка? Што, табе вочы павылазілі, ці што? Гэта ж нейкая гуляшчая дзеўка. Пабачыш, як яна табе байструкоў нараджае - лапцей на ўсіх не напляцешся. А ў яе ж усё - як знізу, так і зверху - толькі каб дзяцей выціскаць з сябе!

На крык і плач Бусіхі пазбягаліся зубраўцы - суседзі з бліжніх хат. Яны здзіўлена глядзелі на Буса і асабліва на русалку, якая цяпер сама трымала вялікую яго руку ў сваёй далоньцы.

Вадзяніца стаяла побач з Бусам, аднак была абыякавая-абыякавая да ўсяго, што адбывалася вакол яе. І хоць зубраўцы бессаромна разглядвалі яе, голую, яна нават і не спрабавала засланяць рукою ні тое, што было вышэй жывата, ні тое, што было ніжэй яго.

Тым часам да Бусавага двара падыходзілі новыя людзі - ужо і з далёкіх хат.

- То ж трэба дадумацца! - ніяк не супакойвалася Бусіха. - Голую Дзявою двору прывёў. Нахабніца! Бессаромніца! Распусніца! - адышоўшыся ад мужа, накінулася яна на русалку. - Голая, сучка, прыбегла. На хоць прыкрыйся! - і пачала знімаць з сябе кофту, а потым апамяталася - яна ж сама будзе голая! - пабегла ў хату, вынесла нейкую лайніну і кінула яе Бусу: - На хоць ты прыкрый сорам сваёй Дзявоі!

За час, пакуль Бусіха бегала ў хату, Бус з русалкай паспеў ужо зайсці на свой двор. Ён злавіў кінутае жонкаю лайно і пачаў ім прыкрываць сарамату Дзявоі. У яго гэта не атрымлівалася: лайніна была куртатая і на ўсе непрыстойныя мясціны яе не хапала.

- А калі гэта і праўда вадзяніца, - зноў падскочыла да Буса жонка, - дык што ты з ёю рабіць будзеш?

- Яна нам пагамаць будзе.

- Смяешся ты, Бус, ці што? Казытніца яму памагаць будзе! Русаўкі ж працаваць не ўмеюць. Яны ж толькі і глядзяць, каб у лес уцячы - гутата, гуляля...

- Навучыцца. Ты яе навучыш.

- А калі не навучыцца - гэта ўжо не русаўка. Скажы, Бус, дзе ты гэтую гутаньку падабраў, дзе выкапаў?

Жонка ўжо крыху супакоілася, гаварыла без крыку і плачу, а таму і сам Бус паспакайнеў.

- А дзе яна спаць будзе, твая Дзявоя?

- Разам з намі, у хаце.

- Я ж і кажу, ты звар'яцеў, Бус! - зноў закрычала і заплакала жонка. - Што, можа, каля сябе паложыш?! Жарабец! Юрлівец! Ён будзе, ці бачылі вы яго, з русаўкаю спаць! Яна ж цябе заласкочыць і ў ваду з сабою звядзе.

Зубраўцы, якія збегліся на крык Бусавай жонкі, паступова смялелі і таксама пачалі заходзіць на панадворак Буса, далучацца да размоў.

Некаторыя сумняваліся, што гэта напраўду русалка, а сёй-той паддакваў Бусу - вы ж бачыце, маўляў, якія ў яе даўгія валасы і яна ж зусім, ці чуеце, не гаворыць - яшчэ ж ніводнага слова не вымавіла. Русаўка, канечне ж, русаўка!

Пачалі нават гаварыць, што русалка дужа падобна на зубрэвіцкую дзяўчыну, Мачулаву каханку, якую ён, цнатлівую і нечапаную, зганьбаваў і кінуў, ажаніўшыся з Аўдалеяй, з якой дружна жыве і сёння. А Марыська ў дзень ягонага вяселля пабегла ў нячывеллі да Шаўковага балота і там утапілася. Казалі, што яе выпадкова зацягнула ў багну, а іншыя не сумняваліся, што багну тую яна шукала сама.

Паслалі па Мачулу, каб ён прыйшоў і сказаў, ці яго гэта каханка. І той неўзабаве, засопшыся, прыбег, з'явіўся на Бусавым панадворку. Доўга прыглядаўся да Дзявоі, некалькі разоў абышоў вакол іх з Бусам, руку якога русалка ўсё яшчэ трымала ў сваёй, а тады неяк задумліва пашкроб патыліцу:

- Бытта і яна, бытта і не яна... У Марыські ж радзімка была між грудзей, а ў гэтай - няма.

- А Марыська ж тады так перажывала, як яе Мачула кінуў, - зашаптаў хтосьці з суседак.

Мачула перахапіў гэты шэпт і зазлаваў:

- Перажывала, перажывала... А што мне было рабіць, калі маёй Аўдалеі раджаць нада было. Не Марыська, дык бы яна ўтапілася. - І зноў задумаўся. - Бытта і яна, бытта і не яна. Ёсць і ў яе радзімка, але ж яна намнога ніжэй перасунулася.

- Дужа ты, шэльма, запомніў, дзе яна была, тая радзімка, - зноў жа ўсміхнуўся нехта з жанчын.

І ўсё ж Мачула яшчэ раз падышоў да русалкі і з усяе сілы крыкнуў ёй як не ў самае вуха:

- Марыська!

- Але вадзяніца стаяла спакойная і абыякавая, быццам і не пачула таго, што крычаў Мачула.

Мачула ізноў падышоў зусім блізка да русалкі і, пасмялелы, адною рукою адсланіў лайніну, якая прыкрывала ёй грудзі, а другою са смакам памацаў, паціскаў, пагладзіў адзін бугарок і ўжо збіраўся тое ж зрабіць з другім, але не паспеў - Бус моцна піхнуў яго рукою ў грудзі, ды так, што той ледзь утрымаўся на нагах.

- Пайшоў вон, рабы, з майго двору! - праз зубы закрычаў на яго Бус, зноў засланіў лайніной грудзі Дзявоі, павярнуўся, і яны - рука ў руцэ - пайшлі да сянец.

А Мачула, атрасаючыся, быццам ён і напраўду паваліўся, ідучы да весніц, толькі незадаволена бурчаў, абураўся:

- От жа людзі! Спачатку клічуць, каб Мачула апазнаў русаўку, а потым піхаюцца, біцца гатовы за яе... Нічога, я яе яшчэ, будзь пэвен, Бус, тваю тапеліцу ўмурлычу. Не пагляджу, што яна казытніца.

 

Русалка аказалася вельмі рупліваю і панятліваю дзяўчынаю.

Яна была кемліваю, хоць здавалася някемнаю.

Яна была разумнаю, хоць здавалася неразумнай.

Дзявоя ўсё схоплівала адразу ж, на ляту і рабіла шчыра і з ахвотаю любую працу - быццам яна ўсё сваё жыццё толькі тым і займалася, што выконвала менавіта яе. Адзін раз ёй пакажаш - і ўсё і дастаткова, і ў другі раз ужо гэтага не трэба паўтараць.

Яна і ў печы паліла, і карову даіла, і ў хаце мяла, і ваду насіла, і бялізну прала.

І ўсё моўчкі, не кажучы ніводнага слова, не аднекваючыся.

Усё яна рабіла з насалодаю і жаданнем.

Калі прыспела жніво, Бусіха аддала Дзявоі свой стары, зазубраны, амаль сточаны серп, але і ён, не наведзены, так рупна і спорна мільгаў у жыце, што іншыя жнеі з іншых палос прыходзілі на Бусаву ніву, каб паглядзець, як гэта яна, ласкотніца, усіх іх так лёгка абганяе.

Стаялі, дзівіліся і паціху перагаворваліся між сабою - маўляў, не, гэта не русаўка: тыя ж, кажуць, вясёлыя, гуллівыя, гарэзлівыя, шумныя рагатушкі, а гэтая жне, у зямлю гледзячы, і ўсё.

Але ж, з якой бы асалодаю вадзяніца ні накідвалася на любую працу, усё ж найбольш яна любіла тую, пры якой заўсёды навідавоку быў ён, Бус: ён косіць - яна пракосы разбівае, ён па сена едзе - яна на воз садзіцца, ён новую хату рубіць - яна трэскі збірае.

Жонцы гэта не падабалася, і яна старалася таксама хутчэй усесціся на воз побач з русалкай, а калі не паспявала ў час, кідала недапаленую печ, хутчэй дадойвала карову і бегла, спяшалася таксама на поплаў - звозіць сена.

Усё сваё старое адзенне Бусіха аддала Дзявоі, і цяпер ужо Бус не мог адрозніць, асабліва ззаду, русалку ад жонкі - і ростам, і целам яны былі аднолькавыя.

Бус нават жартаваў, калі жонка пачынала яго прыкладаць да вадзяніцы:

- Ну і што, калі памылюся, паблытаю вас ды не тую загалю - табе ж лягчэй будзе.

Цяпер ужо жонка раўнавала Буса і баялася пакідаць яго сам-насам з Дзявояй.

Нават уночы, калі, здаралася, Бус выходзіў на двор па патрэбе, яна прачыналася і нецярпліва чакала, калі ён зноў вернецца ў хату і ляжа на палацях - у сенцах спала Дзявоя, і яна баялася, каб муж не заблудзіў да яе лежбішча: русаўка-то русаўка, але ж хто яе ведае...

Значыць, жонка раўнавала Буса, а ён раўнаваў Дзявою да кожнага мужчыны, які, як яму здавалася, не так, не звычайна, а пажадліва паглядзеў на яе, зачапіў непрыстойнаю гаворкаю.

Неяк прыбеглі да яго хлапчукі і, спяшаючыся, перабіваючы адзін аднаго, пачалі расказваць, што каля Самастаянавага бохата Мачула сочыць за русалкаю. Бус, як быў на дрывотні з тапаром, так і пабег з ім да ракі.

Аднак тапор яму не спатрэбіўся - пакуль ён дабег да бохата, Дзявоя сама разабралася з Мачулам.

Яна адна пайшла да ракі, каб папраць бялізну. Там на яе нечакана напаў Мачула, які, схаваўшыся ў прырэчных кустах, цікаваў за ласкотніцай.

Русалка ж хоць і спалохалася, але не разгубілася - пляснула яму мокрым пранікам па руках, калі ён ужо згроб яе, а сама хуценька боўтнулася ў ваду і паплыла, ды так зграбна і лёгка, без адзінай пырскі, што нават Мачула разгубіўся.

- Не, так людзі не плаваюць! - закрычаў ён і кінуўся наўцёкі - каб быць далей ад гэтага месца.

Ды так бег, што, пакуль з'явіўся тут Бус, яго ўжо і след прастыў.

Толькі ўбачыўшы на беразе Буса, русалка выйшла з вады. Уторкнула свой кулачок у яго шырокую далонь, і ён, забраўшы бялізну і пранік, павёў яе дадому.

Са свайго агарода за імі ўжо чэпка назірала, сачыла Бусіха...

Назойлівымі роспытамі Бусу цяпер надакучалі мужчыны - як толькі дзе збяруцца, так і пачынаюць:

- А ці праўда, што яна ў цябе нічога не есць? Кажуць жа, што русаўкі, як гаршкі з печы выставяць, дык яны нагнуцца над імі, пары нахапаюцца - хап! хап! хап! - і ўжо сытыя.

- Што ты лухту нейкую збіраеш?! «Пары нахапаецца»... Ды есць яна, есць, як і ўсе. Толькі, можа, троху менш, чым ты, Дудалка.

Дудалка, сусед з правай хаты, тоўсценькі, кароценькі мужычок, які, здаецца, ніколі не выпускаў з рота дудалку-дудачку і выплёўваў яе на далонь толькі тады, як збіраўся гаварыць, зноў уставіў свісцёлку ў губы і весела засвістаў - бач ты яго, параўняў! Хрэн з пальцам! Яго з вадзяніцаю!

- А цябе, Бус, яна не ласкатала яшчэ? - умяшаўся ў гаворку Піліпок, чалавек з самага канца вёскі, які даводзіўся Бусу нават нейкім далёкім родзічам. - Кажуць жа, што яны прывабяць, у ваду зацягнуць і залашчаць насмерць...

- Ага, я таксама чуў, - азваўся і Мачула, які да гэтага стаяў моўчкі. - Дзед мне расказваў. Пайшоў ён, кажа, на Розыгры да балота. Пераабуваўся, а яна лапаць яго ўкрала. Ён за лапаць, а яна яго ўсё далей у гіблае месца адсоўвае...

- Яна такая, - зноў выплюнуў на далонь свісцёлку Дудалка. - Калі каго ўпадабае - заласкочыць. І ў нас жа бачылі, як русаўкі з мерцвякамі гуляюць. Кажуць, ляжаць тапельцы пад вадою, а яны чаго толькі ні вытвараюць з імі: рукі перакладаюць, валасы расчэсваюць, па шчоках гладзяць, ракаў адганяюць, каб іх не абкусалі. А цябе, значыць, русаўка за невашта не ўпадабала, - і зноў уставіў у рот дудалку.

- А пайшлі вы ўсе! - зазлаваў Бус. - Ракі-прымакі... Лапці крадзе... На храна ёй твае лапці?! Нічога яна не крадзе, нікога яна не ласкоча! Працуе, ды і ўсё.

- Ой, дурыш ты нас усіх, Бус... Русаўка, русаўка... - хітравата прыжмурыўся Мачула - ён гаварыў так, быццам мяў, ціскаў у роце словы, збіраючыся іх праглынуць. - І пары яна не есць, і казытаць нікога не хоча. Дурыш ты нас, Бус. Пад выглядам русаўкі прывёў у хату нейкую распусную дзеўку і ўмурлычваеш яе патроху.

- Але ж яна ўсё маўчыць... Не, русаўка!

- А можа, яна проста нямая?

- І па вадзе бегае і не тоне?

- І нашы невады ўночы цінаю набівае?

- А гэта не твая Дзявоя тапельцаў сваімі валасамі спавівае, пад вадою ўночы голымі цыцкамі датыкаецца да іх, па вуснах імі трэцца? - Дудалка зноў хацеў вярнуць размову да страшных згадак пра русалак, аднак мужчыны пачалі ўжо разыходзіцца, і яго ніхто не хацеў слухаць.

Бусава русалка ўсё лета шчыра працавала, была спакойная і, здавалася, ні на што не звяртала ўвагі. Праўда, часам Бус бачыў яе нейкаю задуменнаю, часам яна нібыта ад чагосьці непакоілася і, гледзячы ў бок лесу, услухоўвалася ў нейкія толькі ёй вядомыя гукі. Прыслухоўваўся, здаралася, ён і сам, здаецца, нават чуў нешта невыразнае: гу-гу-гу, гу-гу-гу...

Але калі мінулася лета і надышла восень, Дзявоя зусім паспакайнела, супакоілася: ужо не глядзела ў бок лесу і нічога не слухала - працавала, і ўсё.

Бус ведаў: русалкі жывуць між людзьмі ад вясны да позняй восені. Пад Сёмуху яны звычайна выходзяць з вады і застаюцца на зямлі ўсё лета. Увесь тыдзень за Сёмухаю, які называецца Русальным, чаго яны толькі ні вытвараюць: бегаюць па паверхні рэк ды азёр і не тонуць, узбіраюцца на самыя высокія дубы і бярозы і гушкаюцца на галінах, пабраўшыся за рукі, танчаць вакол дрэў і плятуць вянкі, начуюць у жыце, выбіраючы самае густое і высокае.

Канечне ж, усё гэта ўлетку нейкім чынам уплывала і на Бусаву русалку - сяброўкі ж у гэты час весяліліся! - аднак яна трымалася і нікуды не бегла.

А калі ўвосень усе сяброўкі вярнуліся ў ваду, у рэкі, азёры ды балоты, і калі стала зусім ціха ў лясах, палях ды лугах, у Дзявоі зніклі і гэтыя хваляванні, і гэтыя, не кожнаму бачныя, турботы і клопаты.

Праўда, аднаго разу Дзявоя ўзбурылася ўся, ды так, што пабілася з Бусіхай, і каб на той час з лесу не вярнуўся гаспадар, быць бы Бусу ўдаўцом.

Жонцы вельмі не падабалася, што ў вадзяніцы такія доўгія валасы, якія яна заўсёды расчэсвала, як надаралася вольная хвіліна. І што толькі ні рабіла Бусіха з русалчынымі валасамі - і змушала збіраць іх разам і закручваць у куксу на галаве (кукса атрымлівалася вялікая, большая за галаву), і сама заплятала яе пасмы ў касу, аднак нічога не памагала: праз якую хвіліну валасы зноў былі распушчаны па плячах.

Некалькі разоў Бусіха падступалася да валасоў Дзявоі з намерам абрэзаць іх, аднак русалка спалохана ўцякала ад яе.

А той раз Бусіха, убачыўшы, што Дзявоя прымружыла вочы за шытвом, а потым і заснула, ціхенька падышла да яе і асцярожна ўзяла пасму ў руку, каб абрэзаць.

Аднак русалчын сон неглыбокі, і яна тую ж хвіліну адплюшчыла вочы і, зразумеўшы намер жанчыны, маланкава, як кошка, накінулася на яе.

Калі Бус вярнуўся дадому, Дзявоя, лёгка апранутая, мерзла на двары, а жонка была ў хаце: жонка баялася выйсці з хаты, а русалка - зайсці ў яе.

Прычапілася яна да гэтых валасоў! А Бусу ж, наадварот, яны, такія доўгія і густыя, падабаліся. І яшчэ падабалася глядзець, як яна расчэсвае іх: бярэ па пасме і, разбіраючы грабянцом, падымае ўсё вышэй і вышэй...

Чакаючы блізкай зімы і думаючы, чым заняць русалку ў доўгія зімовыя вечары, Бус зрабіў для яе прыгожую ліпавую прасніцу і адмысловы калаўрот - ён і не сумняваўся, што русалка навучыцца прасці і стане такой жа ўмелаю папрадухаю, як стала і ўвішнаю жняёю.

На дварэ ўжо рабілася зусім зімна, зверху падаў дождж напалам са снегам, а ўночы хрупацелі пад нагамі льдзінкі, спаць у сенцах Дзявоі было вельмі холадна, і Бус перанёс яе сяннік - шырокі мяшок, напханы сенам, - у хату.

Ён яшчэ не ведаў, хоць ужо і здагадваўся, што жыць ім, траім, у адной хаце будзе вельмі цяжка.

Жонка цяпер штодзень раўнавала яго да Дзявоі. Яна нібыта страціла розум, нібыта захварэла і ўпарта сачыла за імі абаімі - амаль не выходзіла з хаты сама, каб не даць ім магчымасці застацца ў хаце ўдваіх.

Бус разумеў, што сам вінаваты ў гэтай рэўнасці, але нічога з сабою не мог зрабіць.

Яму падабалася русалка, і ён хацеў яе!

Бус часта па-мужчынску ласкава глядзеў на яе і часта сам бачыў, што яго пажадлівы позірк перахоплівае жонка, - колькі нянавісці, злосці і бездапаможнасці было тады ў яе вачах!

Бусіха знарок запрашала ў двор Мачулу, выклікала з хаты Дзявою - словам, рабіла ўсё, каб яны яшчэ раз сустрэліся: спадзявалася, што ад лішняй сустрэчы, калі яна і напраўду была Мачулавай каханкаю, нешта ўспомніць і кінецца яму на шыю.

Аднак Дзявоя абыякава праходзіла каля Мачулы - быццам яго і няма на двары! - і ішла ці то ў хлеў, ці то ў клець - куды і пасылала яе Бусіха.

А Бус ужо ўвесь трымцеў ад нецярпення. Ён напаўняўся сілаю і жаданнем.

І ў адну месячную ноч, калі соладка храпла жонка, асцярожна злез з палацяў, а потым, ужо не стрымваючыся, як звер, кінуўся да лавы, на якой спала русалка.

Поўня цьмяна свяціла праз невялікае, намарожанае снегам акно, але і гэтага святла хапала, каб адразу знайсці Дзявою.

У месячным святле яна была яшчэ больш звабнаю.

Ён ірвануў на ёй жончыны сарочкі, нецярпліва хапаў яе за грудзі - яны і праўда былі як тугія лясныя яблыкі, - лашчыў іх рукамі, губамі, пакусваў ягадзіны, якія адразу ж набухалі ў роце, папускаў рукі ўсё ніжэй, ніжэй і ніжэй, ужо не маючы сілы нічога зрабіць з сабою.

Ад валтузні прачнулася жонка, прыбегла да лаўкі, сцягвала яго з русалкі, біла па спіне кулакамі і пляскала далонямі, нават спрабавала шчыпаць Буса, аднак ён не адчуваў гэтага, не звяртаў на тое ўвагі - хутчэй, хутчэй, хутчэй, хутчэй!

І раптам, дабраўшыся рукою ніжэй жывата, ён зніякавеў і ўвесь абмяк: там, дзе ў Дзявоі павінны быць ногі, ног не было: замест ног Бус намацаў тоўсты, пругкі, халодны і шурпаты ад лускі рыбін хвост...

- Вадзяніца! - закрычаў ён прарэзліва і, спалоханы, зваліўся з лаўкі.

 

Добра, што ўсё гэта адбылося на самым згоне зімы, перад самай вясною. Жонка ўгаварыла Буса вынесці зноў у сенцы русалчын сяннік - як мага далей ад граху і спакусы. Цяпер Дзявоя спала ўжо там, і яны ў хаце амаль не сустракаліся.

Але ж жонка ніяк не магла забыцца пра тое, што здарылася, і прадаўжала сачыць за імі, наглядаць - часам нават прысыпала звечара мужа, а сама ішла спаць у сенцы да Дзявоі.

Вадзяніца ж паводзіла сябе так, быццам нічога не здарылася: працавала, ела, давала карове сена, і толькі калі хто-небудзь крыўдзіў яе, як і раней, падбягала да Буса і ўсоўвала свой кулачок яму ў жменю.

Яна хадзіла гэтак жа, як і да той месячнай ночы, на дзвюх нагах і калі, прысядаючы, падымала вышэй, каб не замінала ёй, доўгую спадніцу, Бус бачыў, якія прыгожыя ў русалкі ногі.

Цяпер ужо, за часам, яму здавалася, што ўсё тое дзіва прымроілася, і ён, здаралася, злаваўся на сябе і бурчаў пад нос: «То ж трэба - нейкі хвост прыдумаў. Халодны. Шурпаты. З луской».

Дзявоя і цяпер часам турбавала яго мужчынскую сілу, аднак ён, як кажуць, аднойчы апёкшыся, ужо не даваў больш сабе волі.

Крыху памякчэла ягоная рэўнасць, але ўсё роўна яна засталася нецярплівай і злой.

Ужо самай вясною, калі зубраўцы сеяліся, ён з Дзявояй засяваў той клін, што ўдаецца глыбока ў пушчу, - ён сеяў, яна ляшыла.

Калі скончыліся саламяныя лехі, ён пайшоў у лес, каб наламаць пруткоў.

Там Бус доўга не затрымаўся - зламаў колькі галінак і пакрочыў назад, на поле.

Ішоў паволі, не спяшаючыся, гледзячы сабе пад ногі, на зямлю - каб праверыць, ці няма дзе не закрытых зернем пралысін.

І раптам спыніўся як укапаны. Здзіўлена, нічога не разумеючы, глядзеў перад сабою - на зямлі распластаная ляжала Дзявоя, а на ёй соп Мачула і ў мітуслівай пажадлівасці, апярэджваючы самога сябе, спяшаючыся, рассоўваў яе ногі.

Ногі! Русаўчыны ногі! Можа б, яму было лягчэй, каб ён пад Мачулам убачыў рыбін хвост, як раней сам убачыў яго ў хаце, але ж ніякага хваста не было - Мачула менавіта рассоўваў вадзянічыны ногі!

Бус, не помнячы сябе ад злосці, кінуўся да Мачулы, за ногі сцягнуў яго з русалкі. Гідліва, зморшчыўшыся, высалапіўшы язык, пацягнуў Мачулу тварам па раллі - зямля набівалася таму ў рот, у нос, ён усё хацеў зачапіцца рукамі за яе, каб утрымацца, аднак у жменях заставаліся толькі расцёртыя камлыжкі.

Бус сцягнуў Мачулу са свае нівы, кінуў вобземлю, а сам хутчэй пабег назад, да русалкі.

Дзявоя так і ляжала на зямлі - як і да гэтага: дагары, з заголенаю спадніцаю, шырока раскінуўшы ногі, гледзячы кудысьці глыбока-глыбока ў блакітнае неба.

І жаданне, якое неадольна з'явілася ў тую ж хвіліну, міжволі кінула яго на русалку, між яе ног.

Бус адразу ж адчуў, што вадзяніца пачала настойліва зводзіць ногі, выціскаючы яго на сябе.

Праз хвіліну пад ім ужо былі не зграбныя Дзявоіны ногі, а тугі і шурпаты, увесь у лусцэ, халодны русалчын хвост.

Ён, не помнячы сябе, ашчэрыўся і, не разумеючы, што робіць, пачаў з усяе сілы пляскаць казытніцу па шчоках.

Яна ж ляжала безуважная - адчужана глядзела ў бяздоннае сіняе неба зусім абыякавым, незямным позіркам...

А з узлеску ўжо бег ратаваць яе Мачула.

 

Яны тады з Мачулам здорава пабіліся.

А Дзявоя ў той дзень прыняла Мачулаў бок: вырвалася ад Буса, падбегла да Мачулы, усунула свой кулачок у яго далонь - як яшчэ нядаўна ў Бусаў - і стаіць ужо спакойна, і лічыць, што яна абароненая.

І тут Бус загарачыўся. У ім разбушаваўся мужчына. Пакрыўджаны мужчына!

Як, яна выбрала Мачулу?! Мачулу, якога ў Зубрэвічах не любяць?! А яна ў яго шукае абароны?! Ад каго? Ад Буса!

І тады ўсе ўбачылі, што Бус закахаўся ў русалку. Зразумеў гэта і ён сам і ад такой неспадзеўкі спалохаўся.

Аднак Дзявоя цяпер больш за ўсё трымалася ягонай жонкі Хадоры, а яго пазбягала, абыходзіла бокам. З Хадорай яны цяпер хадзілі, узяўшыся за рукі, і рэдка калі разлучаліся.

Ніхто не ведаў, чым бы ўсё гэта скончылася, як бы яны з Мачулам падзялілі русалку, калі б не лета, не Сёмуха, якая нарэшце прыйшла і ў Зубрэвічы.

У першы дзень Зялёнага Свята, калі Бус, нудзячыся без працы, сноўдаўся па двары, нечакана ён пачуў нечы незнаёмы голас:

- Ну, усё, Бус, бывай!

Ён, здзіўлены, абвёў вачыма двор, але нікога на ім, апроч Дзявоі, не ўбачыў. Ведаючы, што вадзяніца не вымавіла за цэлы год ніводнага слова, ён толькі слізгануў па ёй позіркам і зноў узяўся аглядаць двор - шукаў, хто ж гэта загаварыў да яго?

- Я пабегла, Бус, - зноў пачуў ён той жа самы голас і цяпер ужо рашуча павярнуў галаву да русалкі: ага, так і ёсць, азвалася яна, Дзявоя.

Яму яна не дала сказаць ніводнага слова. Гаварыла ўсё сама:

- Год я табе слугавала, а цяпер прыехалі мае госцейкі і мне трэба ўсціць.

Выбегла за веснічкі, запляскала ў далоні, закрычала:

- Арэлі-рэлі! Гутанькі-гутанькі! Гутата-гуляля!

Прабегла пад вокнамі яго хаты і паімчалася ў лес.

Не паспеў ён як след ачомацца ад таго, што ўбачыў і пачуў, як каля яго, скачучы і пляскаючы ў далоні, з тым жа крыкам «гутата-гуляля» прабегла яшчэ адна жанчына і скіравалася за Дзявояй.

Ужо калі яна выбегла за вёску, Бус зразумеў: другою жанчынаю, што панеслася ў лес, была яго жонка...

Назаўтра ўсе ў Зубрэвічах гаварылі, што ў Шаўковым балоце ўтапілася Бусава Хадора.

 

Усё лета ў пушчы каля Шаўковага балота людзі часта бачылі дзвюх русалак - голыя, з распушчанымі да долу валасамі, яны хадзілі, пабраўшыся за рукі, па чарнічніках, узлазілі на дрэвы, гуталіся на іх, спявалі песні, плялі вянкі, забіралі ніткі і спадніцы, якія, каб задобрыць іх, чаплялі на голле жанчыны, клікалі да сябе хлопцаў і мужчын: «Чалавек, чалавек, хадзі калыхацца».

Часам іх бачылі ў Бусавым жыце. У тым, што клінам глыбока ўдаецца ў пушчу. У тым, каля якога летась ён пакінуў барану, у якую ўшчамілася Дзявоя. Казалі, што русалкі і начуюць там, быццам бы пільнуючы, каб ніхто не атрасаў з каласоў пылок, без якога зерне не нальецца, не абшалушваў расы, без якой ніва засохне.

І яшчэ кажуць, што ля Шаўковага балота людзі часта бачылі Мачулу. Ён як усё роўна звар'яцеў - забыўся пра жонку, цэлымі начамі сядзеў ля балота і ля Бусава жыта, чакаў русалак, але так ні разу і не ўбачыў іх. Усе бачылі, а яму вадзяніцы так і не паказаліся. Хоць і дняваў, і начаваў у лесе. Пакуль аднаго разу не вярнуўся дадому - дзе ён і як знік, ніхто так і не ўведаў: быў чалавек і няма яго...

А Бус, з год пагараваўшы, пабедаваўшы па дзвюх сваіх жанчынах - жонцы і русалцы, - хацеў ажаніцца з трэцяй: ён ужо схадзіў як бы ў сваты ў Замошша, да Тэклі, мужа якой насмерць закусаў шалёны воўк - чалавек падумаў, што гэта сабака, і падпусціў звера дужа блізка.

Аднак пасля гэтага прыйшла Мачуліха, адгаварыла ад той жаніцьбы, і яны з ёю пабраліся, пачалі жыць адною хатаю.

З Самастаянавага бохата, куды цяпер Мачулава Аўдалея насіла праць Бусаву бялізну, амаль заўсёды да кладкі падплывала вялікая-вялікая жаба з лупатымі вачыма і бугракаватаю зялёнаю скураю, яна прыўзнімалася, адну лапу клала на кладку, а другою, у такт Аўдалеінаму праніку біла па дошцы - так, так, так.

Аўдалея спыніцца на хвіліну, каб адкінуць з ілба пасму валасоў, - і жаба заціхне таксама, пачне Мачуліха зноў праць - і ўжо ўсе ў Зубрэвічах чуюць, як пляскае па кладцы жабіна лапа: так, так, так...

Ніхто не сумняваўся, што ў гэтую непрыгожую жабу скінулася русалка. Толькі ніхто не ведаў якая - ці то такою непрыгожаю на час станавілася прыгожая Дзявоя, ці то гэткаю брыдкаю чамусьці рабілася не менш гожая Бусава жонка.

А іншыя былі перакананы, што ў такога жабуна пераўтварыўся вадзянік Мачула.




Беларуская Палічка: http://knihi.com