epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

«Самадзержац»

Сядзіць ён на зялёным троне,

А побач птушкі гнёзды ўюць,

Прад ім схіляюцца ў паклоне,

Яму паклоны кветкі б’юць.

 

І усыпаюць птушкі звонам

Яго манаршую гару,

Каб весялей было на троне

Гуляць капрызнаму цару.

 

А ён сядзіць і ўсім кіруе:

Пчала — за ўзяткам хай ляціць,

А ветру — ветракі круціць,

А сонцу — яблыкі спяліць,

Зямлі — час жыта ўжо карміць,—

Усім занятак ён даруе.

 

Уся зялёная прырода

Ў яго слабых яшчэ руках;

Жыве ён з ёю ў добрай згодзе —

Манарх у мокрых паўзунках.

 

Плыве ў калысцы, нібы ў лодцы,

Пад ім — увесь зямны абшар.

Свой скіпетр — лёгкую бразготку

Трымае моцна гэты цар —

Дзіця малое...