epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Санет кахання

Чаго саромецца,— ты ж у маім санеце,

Як у аазісе закінутым, адна,

Надзейна ахаваная штодня

Ад цынікаў, якіх нямала ў свеце.

 

Ты мне здалёк, каханая, відна

На беразе нясходжанага лета.

Адзенне ўсё тваё — вяночак з кветак

На галаве, нібыта цішыня.

 

О ява маіх вечных летуценняў,

Не трэба лепшага табе адзення!

 

І я заўсёды буду берагчы

Тваю цнатлівасць светлую аддана.

Ты не саромейся мяне. Бо ты адна, лічы,

Тут, у санеце, беражна схавана.