epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Шануйце зямлю нашу ўвесну..."

Шануйце зямлю нашу ўвесну,

Што ўся аддалася сяўбе.

Як ёй жывецца, балеснай,

Семя прыняўшы ў сябе?

 

Шкадуйце зямлюсю ўлетку —

Цяжарныя хлебам палі.

А ўсё, што з надзеяю гэткай,

Хіба зневажалі калі?!

 

Беражыце зямельку ўвосень —

Спакойна раджае няхай

Усё, што ў сабе яна носіць

Ад сеялкі і лемяха.

 

Не чапайце зямліцу зімою,

Што нібы парадзіха ў сне.

Гордая стомай сваёю

Няхай і яна адпачне.