epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Саранча

Украінская балада. XVII стагоддзе

 

Засланіла неба хмара,

Стала цёмна, што ўначы.

Змоўклі нівы, бы ахвяры,

Пад крыламі саранчы.

 

Каб прабіцца праз мярзоту,

Нават сонцу мала сіл.

Толькі чуеш шум палёту,

Толькі чуцен шорах крыл.

 

І садзілася імкліва

Цьма — крыло каля крыла.

Стала шэраю ўміг ніва,

Што зялёнаю была.

 

Ваяваць дарма з той сілай —

Што палохаць і крычаць!

Усё вакол запаланіла

Саранча.

 

З саранчы адной — паветра,

Саранчой усланы дол,

Саранчаць вада і ветры,

З саранчы ўсё навакол.

 

Лезе ўсюды, як зараза,

Ва ўсе дзіркі лезе зброд.

Слова мовіш — і адразу

Саранчою поўны рот.

 

І садзілася на вусны,

Бы пладзілася ў вачах,

Набівалася ў нос гнюсам

Саранча.

 

Свечкі ўдзень палілі ў Сечы,

Без іх кожны — як сляпы.

Курані забіла нечысць

І канюшні, і скляпы.

 

І дарогі ўкрыла. Коні

Не адважацца ступіць,

А як іх усё ж падгоняць,

Бруду — ажно да ступіц.

 

Толькі шум — ратоў мільёны

Усё зялёнае жаруць:

Лес зялёны, луг зялёны,

Лан зялёны не ў пару.

 

Аж рушніцы затрашчалі —

Зброю так змаглі абсесць,

Бы марціры і пішчалі

Заманулася паесць.

 

Што рабіць, як з’едзь такую

Перамогчы, Бог святы?

Толькі сківіцы працуюць,

Толькі шамкаюць раты.

 

А ўзняліся, паляцелі —

Аж дыханне заняло:

Стала чорным, бо паелі

Усё, што зелена было.

 

І пасля такога роя

На аголенай зямлі

Засталася толькі зброя —

Зброю з’есці не змаглі.

 

У людзей было багата

Зброі — нават не злічыць.

Ды мушкетам і арматай

Не адпомсціш саранчы!