epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Шчаслівая такая ж, як і ты..."

Шчаслівая такая ж, як і ты,

Была яна зусім яшчэ нядаўна,

І гэтак жа смяялася забаўна,

І задыхалася ад пышнай пекнаты.

 

Яна кахала — і цвілі сады,

Яе кахалі — ў свеце было слаўна,

Яны кахалі — як бывае здаўна,

Ля іх кахання грэліся квяты.

 

Забіты ён, — а з памяці не сцерці,

Яна паранена ягонай смерцю.

Куды ёй зараз і нашто ісці?

 

Здаецца ёй: ні пры якой нагодзе

Такой душы ніколі не знайсці

Ва ўсёй жывой і нежывой прыродзе.