epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Сябры

Абое тэпаюць паціху,

Яны як даўнія сябры.

І ніякое гора-ліха

Іх не здалела пасварыць.

 

Ідуць. А стомяцца — прыстояць,

І пастаяць, і адпачнуць.

І сукаватыя абое,

І ўжо не молада ідуць.

 

Адзін мыляе словам губы,

Другі маўчыць, нібы глухі.

Адзін пазюкаць дужа любіць,

Умее выслухаць другі.

 

Ідуць здаўна, ідуць здалёку.

Пазбілі ногі аб свой шлях.

Гады — як жураўліны клёкат —

Нясуць асенне на плячах.

 

Расстацца? Жыць асобна? Што вы!

Давеку іх саюз такі...

 

Адзін — дзядуля стогадовы,

Другі — ягоны сябра. Кій.