epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Сядзім, смяёмся за сталом..."

Сядзім, смяёмся за сталом

І весялімся, нібы дзеці.

Тады для нас на цэлым свеце

Няма бяды, не тхае злом.

 

А недзе там, а недзе там

Віруе подласць хваляй бруднай,

І чалавеку дужа трудна —

Так, недзе там. Так, недзе там.

 

А мы частуемся. Спяваць

Спрабуем шчыра і бадзёра,

Нібы няма на свеце гора

І сіл няма куды дзяваць.

 

А недзе плач, а недзе мор.

Наш незнаёмы друг распяты,

Укленчыў хтосьці перад катам,

А той — шукае ўжо тапор.

 

Як птушанё, душа крычыць —

Ты ў свет уключан, бы ў разетку.

І боль чужы — калючы гэткі...

Як памагчы, чым памагчы?

 

І лекаў для душы няма:

Ці падзяліцца словам шчырым,

Са светам — падзяліцца мірам,

Ці песняй праўду падтрымаць?

 

Сядзім. Спяваем. Спеў — пад столь.

Мы весялімся, нібы дзеці...

А болю — цесна болю: ў свеце

Перанаселенасць на боль.