epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Сінягорыя

Ёсць летуценні сінія —

Сіней ад аснежаных ранкаў,

Краіна ёсць — Сінягорыя,

Прывезеная на санках.

 

Над ёй галаруч завіхаюцца

Па вушы мокрыя дойліды,

Рукі ў кішэнях грэюць,

Калі пальцы ад снегу зойдуцца...

 

Мараць у снежных сценах,

Мараць у белых палацах,

Якія жывуць толькі ў казках,

Сівым архітэктарам сняцца.

 

Калі спаць прымушаюць дойлідаў —

У парках, нібы ў музеях,

Сумаваць без іх застаюцца

Напаўразбураныя калізеі.

 

Імі ўсю ноч любуюцца

Паклонніцы і паклоннікі —

Іх снежныя бабы вартуюць,

Як белага дойлідства помнікі.

 

Як летуценні светлыя —

Святлей ад аснежаных ранкаў —

Берагуць яе,

Сінягорыю,

Прывезеную на санках.