epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Скарга прыручанага ваўка

— Дарагі таварыш дырэктар,

Адпусці са звярынца на волю.

Я хачу наглытацца ветру

І снегу

Уволю.

 

Я ў піліпаўку мару вярнуцца,

У марозныя, крохкія ночы,

Дзе блішчаць

І як дзюбы дзяўбуцца

Нашыя вочы.

 

Дзе клубяцца вяселлі нашы —

Ажно крэкча скаванае поле...

Дарагі дырэктар, таварыш,

Адпусці ты мяне

На волю.

 

Надакучыла нізкае неба

У клетцы —

Маёй дамавіне;

Дзе кусацца ваўку, мне, трэба,

Я мурчэць, нібы кошка, павінен.

 

Адпусці...

Не чакай маёй згубы;

Разарвецца ад крыўды сэрца;

Бо калі нават шчэру я зубы —

Вам здаецца,

Што воўк смяецца.

 

Цёпла.

Сытна.

Нібыта ў хаце...

Ды хіба да той хаты прывыкнеш,

Дзе ўсе лашчаць цябе, бы ягняці,

І «Ату!» нат ніхто не крыкне!

 

Адпусці.

Я, нагрэўшы, бы ўлетку,

Лагво пры далёкай ялінцы,

Цёпла ўспомню

Пра цёплую клетку

У цёплым звярынцы.

 

Адпусці...

Не можаш?

Тады хоць іначай

Клетку маю ў звярынцы трымайце,

Каб мяне не злавала,

Што здзекліва скачуць

Насупроць

Асмялелыя дужа зайцы.