epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Слабыя і моцныя

 

І была некалі краіна, у якой дружна жылі і добра сябравалі моцныя і слабыя. Слабыя спрадвеку кармілі моцных, а моцныя рабілі выгляд, што толькі дзякуючы менавіта ім жывуць і кормяцца слабыя.

Усім здавалася, што так яно заўсёды было і заўсёды так будзе.

Але па часе моцныя пазадзіралі насы і пачалі звысака, пагардліва пазіраць на слабых, а тыя, адно толькі ўкленчваючы перад імі, дзякавалі і дзякавалі за клопаты ды за хлеб-соль — ім і напраўду здавалася, што кормяць іх моцныя, хоць самі яны якраз і прыносілі ўсё, што тыя пілі і елі.

Моцныя вельмі ганарыліся сваім становішчам, паходжаннем, лёсам, велікаваннем. Праз нейкі час яны нават дадумаліся да таго, што слабыя толькі замінаюць жыць, што ім, абраным, даводзіцца ўтрымліваць такі гурт дармаедаў, якія адно тым і займаюцца, што ядуць ды плодзяцца.

— Госпадзі-людзі, што ж вы робіце?! — пачалі былі ўшчуваць дзівакоў Мудрацы, але зараз ужо іх ніхто не слухаў — у бязглуздыя дні слухаюць не Мудрацоў, а нягоднікаў і прайдзісветаў.

Пачаліся стыхійныя мітынгі, на якіх аж заходзіліся ад шалу моцныя:

— Слабыя — смецце нашай краіны! Дакуль мы будзем іх цярпець? Ачысцім айчыну ад слабых! Далоў!

— Далоў! — люцелі ў адказ разгневаныя натоўпы.

І што дзіўна: слабыя і напраўду верылі моцным, няёмка пераступалі з нагі на нагу, вінаваціліся, каяліся — канечне ж, яны смецце, яны толькі замінаюць моцным шчасліва жыць, блытаюцца ў іх пад нагамі...

Знайшліся і сярод слабых такія, што разам з моцнымі, нават грамчэй за іх, крычалі сваім суродзічам: «Далоў!» — за час таварышавання і дружбы з моцнымі яны шчыра паверылі, што і самі моцныя і што гэтае «далоў» іх ужо не датычыцца.

А моцныя вар’яцелі ўсё больш і больш.

— Яны ганьбяць нас! Яны — наш сорам! Прэч слабых! Во-о-о-н! Каб за дваццаць чатыры гадзіны ніводнага слабога не засталося ў нашай дзяржаве! Чуеце — за дваццаць чатыры гадзіны.

— Госпадзі-людзі, што вы робіце?! — зноў жахнуліся Мудрацы, але і на гэты раз ніхто іх не пачуў і ніхто на іх перасцярогу не звярнуў ніякай увагі.

Назаўтра ў краіне і праўда не засталося ніводнага слабога — каго засеклі розгамі, каго павесілі, каго выслалі ў суседнія дзяржавы — падвялі да мяжы і піхнулі ў каршэнь на той бок, — хто сам уцёк.

І засталіся ў краі адны толькі моцныя.

Радасці не было ніякіх межаў. Моцныя, шчаслівыя і задаволеныя, святочна апранутыя, хадзілі па вуліцах, махалі сцягамі, смяяліся, весяліліся, спявалі песні, абдымаліся, цалаваліся — радаваліся з выпадку такой вялікай перамогі.

— Ура! Нарэшце мы адны! Як хораша без іх, як цудоўна, што слабыя не мазоляць нам вачэй! Якія ж мы малайцы!

І зараз не было ўжо каму ў роспачы спытацца: «Госпадзі, людзі, што ж вы робіце?!» — і Мудрацоў, гэтак жа, як і слабых, не асталося ва ўсёй краіне: іх таксама каго выгналі, а каго зланцужылі і пасадзілі ў вязніцы.

Да абеду яны яшчэ радаваліся. А пасля — пачалі непакоіцца. Увечары ўжо зусім спалохаліся: есці, аказваецца, ніхто ім не прынёс, ніхто нічога не падаў на стол.

Ноч сяк-так перабылі, а раніцою пачалі бунтаваць:

— Чаму нам не нясуць есці? Як? Нас ніхто не будзе карміць? А дзе ж нашыя слабыя?

Пачалі шукаць, але гэтыя пошукі былі, зразумела, марныя — у краіне не асталося аніводнага слабога. Нават тым, хто грамчэй за ўсіх моцных крычаў: «Далоў!» і думаў, што гэтая лютасць абміне яго, не ўдалося ўратавацца — яны пайшлі ў катавальні адразу ж за сваімі суродзічамі.

І пацягнуліся, запылілі па ўсёй краіне натоўпы моцных — галодныя, яны шукалі слабых, каб тыя пакармілі іх. Сустракаліся на дарогах, пыталіся:

— Ты слабы?

— Не, я моцны.

— А ты?

— Я таксама моцны.

Падазрона, недаверліва прыглядаліся адзін да аднаго, незадаволена нешта бурчалі сабе пад нос і разыходзіліся ў розныя бакі — бач ты, усе моцнымі парабіліся...

Часам даходзіла нават да боек. Гэта было тады, калі моцным здавалася, што яны сустрэлі слабога, а той, ці чуеце, падманвае іх, не хоча, нягоднік, прызнавацца ў сваім ашуканстве.

Узніклі нават асацыяцыі, групы, камітэты па выяўленні і лоўлі слабых, але і яны нічога пэўнага не давалі і не маглі даць — слабых, як высветлілася, знішчылі начыста. Бушавалі яшчэ настойлівей, як да гэтага, мітынгі. Хвалявала адно панічнае пытанне: «Хто ж нас будзе карміць?»

Але адказу на яго ніхто з моцных не ведаў.

І тады на краіну напаў нейкі незразумелы, яшчэ страшнейшы, чым СНІД, паморак. Людзі, якія толькі што былі зусім здаровыя, як кажуць, кроў з малаком, на вачах пачыналі худнець, твары іх выцягваліся, завастраліся, бляднелі, праз нейкі час яны ўжо ледзь перастаўлялі ногі і неўзабаве падалі, каб ніколі не падняцца.

Моцныя паміралі на вуліцах і плошчах, у хатах і агародах, на палявых дарогах і ў гарадскім транспарце.

Мор гэты быў бязлітасны і неадольны, ён нікога не шкадаваў і нікому не пакідаў надзеі.

Людзі паміралі ў чэргах ля хлебных магазінаў, цярпліва чакаючы тыднямі, што нехта спячэ і прывязе ім хлеб. Паміралі ў сталоўках, чынна седзячы за столікамі, задумліва, з надзеяй пазіраючы ў той бок, адкуль звычайна з поўнымі падносамі выходзілі слабыя. Паміралі дома, падалі галовамі пад самыя дзверцы перапоўненых халадзільнікаў, дзе пачынала псавацца ўжо ежа, а здагадацца, як іх адчыніць, не маглі — халадзільнікі заўсёды адчынялі і падавалі ім на стол толькі слабыя, таму ў моцных ніякага такога інстынкту за ўвесь час не з’явілася. Паміралі ў градах, упаўшы галовамі на крамяныя, мулкія агуркі ці ў куст памідораў — раздушаныя спелыя таматы вымазвалі чырвоным сокам мёртвыя твары, і гэты сок, бы жывая кроў, сам сабою цёк па шчыльна сцятых вуснах — моцныя як усё роўна знарок не хацелі расціскаць ратоў, нібыта пакрыўджана грэбуючы ежаю.

Хлебапякарні былі забіты мукою, у магазінах псаваліся паўфабрыкаты, палі шумелі вялікімі даспелымі каласамі, у садах аж згіналіся галіны ад смакоўнага цяжару, грады радавалі вока шматкалёрнасцю ласункаў, але ў краіне ніхто не ведаў, як і што рабіць з усім гэтым багаццем: слабых, якія ўсё ведалі, ужо не было, а Мудрацы, што засталіся дзівам і маглі б сёе-тое падказаць, сядзелі па турмах. Праўда, нехта падаў быў нясмелую думку, што іх трэба вызваліць з цэляў, але яго абвінавацілі ў здрадзе і адразу ж пасадзілі ў турму да Мудрацоў — маўляў, сядзі і маўчы: як гэта мы, такія разумныя, будзем пытаць у некага парады?!

А самі моцныя ні да чаго іншага не змаглі дадумацца, як толькі сваю хваробу і смерць патлумачыць вялікім сусветным паморкам.

А паколькі паморак — трэба падпарадкавацца лёсу і волі ўсявышняга. Моцныя перасталі шукаць слабых, перасталі думаць пра ежу і цярпліва, пакорліва пачалі чакаць сваёй долі. І паміралі гэтак жа цярпліва і пакорліва, з ціхаю, памірліваю ўсмешкаю на твары. Паміралі сем’ямі — старыя і малыя, бацькі і дзеці, дзяды і ўнукі.

І неўзабаве ў краіне стала ціха-ціха: у ёй не асталося, здаецца, ніводнага чалавека... Не чуваць было нідзе ні жаночай песні, ні мужчынскага голасу, ні дзіцячага смеху.

І ўсё ж адна сям’я асталася!

Гэта былі слабыя, якія так умела і шчыра прыкінуліся моцнымі.

А менавіта яны — толькі яны адны! — і ведалі, як і дзе дастаецца ежа.

Так слабыя вярнулі на зямлю племя моцных, заснавалі іх новыя паселішчы — якія ж яны слабыя, калі перахітрылі моцных!

Мусіць, слабых людзей у прыродзе не бывае.

Слабы — гэта ўсяго толькі недарэчны псеўданім, здзеклівая мянушка чалавека.

А сапраўднае яго імя было, ёсць і павінна быць заўсёды толькі адно — моцны.

Гэта добра, што слабыя сталі моцнымі.

Але кепска, што яны адразу ж пачалі шукаць сабе слабых...

Каб ужо тыя кармілі і даглядалі іх.

«Госпадзі, людзі, што вы робіце?!» — маглі б ускрыкнуць Мудрацы, але ніводнага з іх на той час не асталося нават у турмах...

А без іх хто дапаможа разабрацца, што лепей: слабыя моцныя ці моцныя слабыя?

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 95-98
Крыніца: скан