epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Слёзы маці

Сын прыехаў, хусціну прывёз —

Пасвятлела адразу ў хаце.

Дык чаму ж не ўтрымала слёз,

Дык чаго ж гэта плача маці?

 

Выглядала з відна да відна

І чакала, нібыта свята...

А цяпер?.. Ці ж не рада яна —

Сын жа ў госці прыехаў салдатам.

 

Не...

І радасна ёй, а калі б

Усё ішло сваім ладам ды следам,

Трое хлопцаў старэйшых маглі б

За сталом за бацькоўскім абедаць.

 

Не прыйшлі яе дзеці з вайны,

Не грымець тром чаканым вяселлям...

То ж па вас, дарагія сыны,

Ручнікі ўсё слязьмі яна беліць.