epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Сон, быццам ява

Учапіліся за мае рукі

Звяры, дрэвы, птушкі,

Рэкі, травінкі, мурашы.

Учапіліся

І просяць выратаваць іх.

 

«Вядзі нас»,— просяць.

 

Куды ж мне весці вас,

Браты мае старэйшыя —

Зубры і дразды, дубы і мурашы?

Падкажыце, вы ж мудрыя,

Вы ж ужо былі на гэтай зямлі,

Калі я прыйшоў на яе...

 

Як жа мне выратаваць вас,

Сёстры мае старэйшыя —

Кветкі, рэкі, мятлушкі і крынічкі?

Я ж думаў, што вы вечныя,

Што вы застанецеся і пасля таго,

Як я пакіну зямлю.

 

«Ратуй нас»,— просяць.

 

І тады я ўбачыў,

Што стаю не адзін,

Што навокала многа людзей

І ўсе яны справай занятыя:

Хто выцірае ад сажы лісцё —

Каб лепей дыхалася дрэву,

Хто адмывае зліплае ад мазуту пер’е —

Каб чаіца зноў узляцела ў неба,

Хто абгароджвае мурашнік,

Хто памагае кітам,

Якія з бруднай вады

Выкінуліся на бераг

І не хочуць зноў вяртацца ў акіян...

 

Тады і я схапіў у рукі маленькае птушанятка,

Якое, задыхаючыся, бездапаможна

Білася аб дарогу крыльцамі,

Паспешна ўзяў яго дзюбачку ў рот

І, як у дзяцінстве,

Пачаў паіць сваёю сліною.

 

І ўзрадаваўся,

Адчуўшы, як птушанятка

На вачах пачало налівацца сілаю.

І — о дзіва! — гэтая ягоная сіла

Напаўняла і мяне.

 

І тады я пачуў голас:

«Аддаючы — набываеш.

Яны — гэта ты сам.

Ратуючы птушанятка,

Ты ратуеш самога сябе».

 

І прачнуўся.

І зразумеў,

Што гэта быў менавіта мой

Голас.