epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Сонца села

Пасвяці яшчэ крышку, сонца,

Не спяшайся зніжацца да лесу,

Не вядзі за сабою ты вечар

З пераклічкаю жаб на балоце,

З кіслым пахам вады застаялай,

З уздыханнем кароў над травою,

З смачным сном пастуховым на сене,

З мяккім крокам дзядоў каля свірнаў.

А яно ўсё ніжай і ніжай...

Паглядзі навакола, сонца,

Бач, камбайнер нервуецца вельмі,

Клін яму засталося дакончыць,—

А тады б і магло ты садзіцца.

Па дарозе спяшаюць калёсы,

Пад снапамі пакрэктваюць цяжка;

А падлеткі ўсё нокаюць гучна,

Бо ім рупіць да захаду сонца

Звезці бабкі ўсе, што ў калоссе

Загарнулі сухія зярняты.

А яно ўжо нізка звісла...

І нашто адбіраць табе промні

Ад антонавак недаспелых,

Што ўбіраюць цяпло тваё прагна,

Каб сваёй жаўцізною крамянай

Да цябе стаць падобнымі ўвосень.

А яно ўжо вісіць над лесам...

Глянь, дзяўчаты вяртаюцца з поля.

Пра вяселлі ў песнях спяваюць,

Пра спатканні з каханымі мараць,

Яны просяць, каб вечар спусціўся

З салаўінай неўтаймаванасцю,

З сарамліваю поўняй над вуліцай,

З несціханым шэптам бярозак,

З сумнаватым уздыхам гармоніка.

І сонца застыла ў роздуме.

Чуеш, там, за далёкім лесам,

Просяць ранак хутчэй прынесці

І сабраць з каласоў усе росы,

Даць па кроплі жыцця травінкам.

Ды і ў нас на ўсходзе чакаюць

Твайго першага цёплага промня...

 

Усміхнулася ласкава сонца

І схавалася ціха за лесам.